ФСЗН патрабаваў ад пацярпелага ў аварыі доказаў невінаватасці


Трапіў у аварыю ва Украіне, а цяпер за свае правы змагаецца на радзіме, у Беларусі. Жыхар Віцебску некалькі месяцаў правёў на ложку ў шпіталі, але, каб атрымаць кампенсацыю, яшчэ некалькі месяцаў вымушаны бегаць па кабінетах чыноўнікаў.

Андрэй Відарэнка – былы прадпрымальнік і шматдзетны бацька з Віцебску. Разам з жонкаю гадуе траіх дзяцей. Год таму ва Украіне адбыўся няшчасны выпадак, які перавярнуў жыццё сям’і. Андрэй Відарэнка, пацярпелы ў ДТЗ:

«Мы з жонкаю на сваім легкавым аўтамабілі вярталіся дадому ў Віцебск з аэрапорту «Барыспаль». Не даязджаючы да Кіева 14 кіламетраў, мы трапілі ў аварыю. Нас збіў грузавы аўтамабіль, у выніку чаго я атрымаў мноства цялесных пашкоджанняў і ў непрытомным стане мяне даставілі ў лякарню».

Пасля аперацыі ва Украіне пачалося доўгае лекаванне, якое працягнулася на радзіме. Мужчына агулам правёў на бюлетэні сем месяцаў. Андрэй Відарэнка, пацярпелы ў ДТЗ:

«Я афіцыйна працаваў прадпрымальнікам, то бок аплочваў у Фонд сацыяльнага забеспячэння абавязковыя ўнёскі, аплочваў усе падаткі. Калі звярнуліся ў фонд, інспектар, якая прымала дакументы, сказала, што мне мусяць налічыць 1600 беларускіх рублёў. Аднак адразу ж яна паглядзела на мяне: вялікая сума – трэба спраўдзіць, пры якіх абставінах вы атрымалі такія траўмы».

Андрэй Відарэнка падаў усе даведкі пра дарожна-транспартавае здарэнне, аднак гэтага аказалася недастаткова. Чыноўнікі запатрабавалі ад мужчыны «дакумент аб невінаватасці ў магчымым злачынным дзеянні, у выніку якога ён мог атрымаць гэтыя траўмы». Патрабаванні чыноўнікаў юрысты называюць прававым нонсэнсам.

Валерый Міснікаў, прафсаюз РЭП:

«Злачыннасць павінныя даказваць не пацярпелыя, не Андрэй. Злачыннасць павінныя даказваць спецыялісты. Менавіта спецыялісты мусяць даказваць, ці былі ягоныя дзеянні злачыннымі або не».

У выплаце дапамогі Відарэнку адмовілі. Мужчына звярнуўся ў пракуратуру, каб там праверылі законнасць дзеянняў працаўнікоў фонду. Аднак правярання не адбылося – скаргу параілі перанакіраваць у Міністэрства працы і сацабароны. Эстафета ліставанняў скончылася адпіскамі.

«Белсат» паспрабаваў паразмаўляць з кіраўніцтвам раённага аддзелу Фонду сацыяльнай абароны. Аднак атрымаць каментары ад другога боку ў гэтай гісторыі не ўдалося. Алена Жылінская, Кастрычніцкі раённы аддзел ФСЗН Віцебску:

«На жаль, я не магу распавесці падрабязнасці, бо справа датычаць фізічнай асобы, таму разгалошваць нейкія звесткі – ну хіба гэта не зусім карэктна».

Сваю невінаватасць Відарэнка ўсё ж такі даказаў. Для гэтага яму спатрэбілася зноў наведаць Украіну, каб у судах Кіева атрымаць адпаведныя дакументы. Андрэй Відарэнка, пацярпелы ў ДТЗ:

«Я быў вымушаны яшчэ выдаткаваць шмат часу, сілаў. У нас усё ж такі шматдзетная сям’я – было праблемна пакінуць дзетак на той час, пакуль мы ездзілі на тэрыторыю Украіны».

Сабраныя паперы несці ў фонд Відарэнка не збіраецца. Дамагацца сваёй грашовай дапамогі мужчына цяпер будзе праз суд. Паводле яго, зацягнутае змаганне з чыноўнікамі давяло шматдзетную сямʼю фактычна да мяжы выжывання. Таму ён таксама будзе патрабаваць і матэрыяльную кампенсацыю. Памер гэтай сумы яму дапамагаюць вызначыць юрысты.

Міхась Ільін, belsat.eu