ФСБ незаконна выкрала ўкраінца ў Гомлі. Эксклюзіўныя падрабязнасці


Паехаў у Беларусь і не вярнуўся. Сваякі 19-гадовага жыхара Кіева Паўла Грыба ўпэўненыя, што да ягонага знікнення датычныя расейскія спецслужбы.

«Ён спакойна перакрочыў украінскую і беларускую межы, заехаў у Гомель. І вось у Гомлі яго след знік, і да сённяшняга дня нам да канца невядома, дзе ён знаходзіцца», – кажа Вольга Грыб, сястра Паўла.

Хлопец накіраваўся ў Беларусь на сустрэчу з дзяўчынай з Расеі

З ёй Павал пазнаёміўся ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Гомель выглядаў як месца, вельмі зручнае геаграфічна. Сястра Паўла згадвае, што брат вельмі перажываў за сваю віртуальную сяброўку.

«Ён згадваў, што гэтая дзяўчына знаходзіцца ў складанай сітуацыі, што яе бацькі з ёй неяк няправільна сябе паводзяць, што яна хворая і ёй патрэбныя нейкія таблеткі, ёй патрэбная дапамога. Магчыма, гэты фактар таксама адыграў сваю ролю: ён хацеў ёй неяк дапамагчы», – распавяда Воля.

Ужо назаўтра шукаць сына ў Беларусь паехаў бацька Ігар Грыб

У гомельскай міліцыі былы ўкраінскі памежнік даведаўся, што Паўла абвесцілі ў расейскі вышук паводле абвінавачвання ў тэрарызме, а справу вядзе ФСБ РФ па Краснадарскім краі, горад Сочы.

«Рэвалюцыю годнасці Паўло сустрэў з надзеяй на змены ў краіне. І пасля вайсковай агрэсіі РФ супраць Украіны ён актыўна пісаў у сацыяльных сетках, часцяком не падбіраў выразаў адносна ворагаў Бацькаўшчыны. Магчыма, гэта і сталася падставаю для правакацыйных дзеянняў ФСБ РФ», – мяркуе Ігар.

Беларускія памежнікі хлусяць

Пры гэтым, нягледзячы на тое, што ўкраінскія памежнікі зафіксавалі факт перасячэння хлопцам дзяржаўнай мяжы праз пункт пропуску «Новая Гута – Новыя Ярылавічы», іхныя беларускія калегі цвердзяць, што аніякай інфармацыі пра Грыба-малодшага не маюць, ды сустракацца з Грыбам-старэйшым адмаўляюцца.

«Калі ён быў затрыманы ФСБ на тэрыторыі Беларусі – гэта, канешне ж, незаконна. Калі ёсць крымінальная справа, яго абвяшчаюць у міжнародны вышук, і праз Генеральную пракуратуру Расеі звяртаюцца ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь аб экстрадыцыі. Ён мае права абскардзіць гэтае рашэнне і права на абарону мае», – звярнуў увагу праваабаронца Алег Волчак.

Падобныя выпадкі на тэрыторыі Беларусі, здараліся і раней

Як прыклад, зноўку ж у Гомлі, выкралі кіроўцу экс-дэпутата Дзярждумы РФ Дзяніса Варанянкова, галоўнага сведкі ў справе аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча і анексіі Крыму. Палітык хаваўся ад пуцінскага пераследу ва Украіне, а выкраданне падначаленага здарылася незадоўга да забойства палітыка. Альбо апошні прыклад чэмпіёна свету па MMA Мурада Амрыева, якому чачэнская паліцыя абвесціла кроўную помсту.

Да пошуку Паўла Грыба падключыўся афіцыйны Кіеў

Амбасада Украіны накіравала ноту ў Міністэрства замежных справаў Беларусі з патрабаваннем вызначыць месцазнаходжанне ўкраінскага грамадзяніна.

Валер Руселік, «Белсат», фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum