Аб'ектыў 28.11.2018 Французы спрадаюць кавалкі Эйфэлевай вежы


Амаль сто семдзесят тысяч еўраў – столькі ананімны калекцыянер з Блізкага Усходу заплаціў за кавалак вінтавой лесвіцы з Эйфэлевай вежы. Гэта частка арыгінальнага дызайну канца дзевятнаццатага стагоддзя.

Эйфэлева вежа – самы адметны сімвал Парыжу, вядомы ўва ўсім свеце. Час ад часу з’яўляецца незвычайная магчымасць набыць сабе кавалак французскай славутасці.

«У нас шмат амерыканскіх, кітайскіх і канадскіх кліентаў, якія зачараваныя Эйфэлевай вежаю. Гэта ўнікальная магчымасць набыць гістарычную частку, якая сімвалізуе тэхнічны прагрэс і сучаснасць», – кажа Сэсіль Тажан, адмысловец у Ар-дэко, аўкцыённы дом «Artcurial».

Магчымасцю набыць элемент гістарычнай будоўлі скарыстаўся ананімны калекцыянер з Блізкага Усходу. Пакупнік аддаў за кавалак лесвіцы значную суму – ажно сто шэсцьдзесят тысяч еўраў.

«Гэта асаблівая падзея, бо ёсць цэлая сістэма кранаў для перамяшчэння высокай – амаль чатыры з паловай метраў – лесвіцы, якая важыць дзевяцьсот кілаграмаў. Але мы прызвычаіліся да такіх аперацыяў, бо гэта трэці падобны аўкцыён», – тлумачыць Сэсіль Тажан, адмысловец у Ар-дэко, аўкцыённы дом «Artcurial».

Аўкцыённы дом «Artcurial» прадаў 24-прыступкавы кавалак арыгінальнай лесвіцы, разабранай 35 гадоў таму. Дэмантаж рабілі ў часе ўстаноўкі новага ліфта паміж двума верхнімі паверхамі вежы. Часткі гістарычнай лесвіцы можна знайсці, сярод іншага, у Японіі, недалёка ад статуі Свабоды ў Нью-Ёрку ці ў «Дыснэйлэндзе» у Флорыдзе.

Ганна Мордань, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары