Форум рэгіёнаў у Жытоміры: украінцы ўражаныя беларускім электробусам


Другі Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі распачаўся ў Жытоміры. Беларускія прадпрыемствы дэманструюць паўднёвым суседзям свае вырабы ды хваляцца двухбаковымі пагадненнямі. Украінскія ж адмыслоўцы заўважаюць і пэўныя палітычныя складанасці.

Жытомір – горад у паўночна-заходняй Украіне. Тут 265 тысячаў жыхароў, і Форум Украіны ды Беларусі яны ўспрынялі як вялікае гарадское свята.

«Добра, што нехта да нас прыехаў, гэта нечаканасць», – кажа Алёша, жыхар Жытоміру.

На пешаходнай артэрыі – Міхайлаўскай вуліцы – сёння паказвалі і прадавалі беларускія ды ўкраінскія прадукты. Каля беларускіх традыцыйна збіраліся чэргі. У гандлёва-прамысловай палаце хваляцца, што беларускія прадпрыемствы сёння падпісалі 40 кантрактаў на агульную суму паўмільярда долараў.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты:

«Давайце параўнаем. У Гомлі падпісалі кантрактаў на 100 мільёнаў, цяпер нашая лічба – 542 мільёны. За год – у 5 разоў болей. І галоўнае, што гэта не толькі машынабудаванне, нафтахімія, мы дадалі будаўніцтва, лёгкую прамысловасць».

Цягам дня мясцовых школьнікаў прыводзілі на экскурсіі да буйнагабарытнай тэхнікі. 15 прадпрыемстваў прывезлі на форум свае вырабы. Пачынаючы з БелАЗу і заканчваючы прадметам асаблівага гонару – электробусам.

Дмытро Ткачук, намеснік мэра Жытоміру:

«Мы сёння падпісалі кантракт з гэтым вырабніком – «Белкамунмашам» – на пастаўку 49 тралейбусаў для Жытоміру. Пакуль тралейбусаў, бо электробус каштуе, на жаль, нашмат больш. Але паводле характарыстыкаў ён адпавядае ўсім еўрапейскім патрабаванням. То бок высокі ўзровень».

Пакуль беларускі бок падлічваў свае набыткі, украінцы адкрыта гаварылі аб праблемах. Уладзімір Каламіец, дырэктар збыту «Запарожсталь»:

«Палітычныя складанасці ёсць. Я сёння казаў гэта падчас круглага стала. З першага снежня ЕўразЭС уводзіць квоты супраць Украіны. Таму Украіна можа недапаставіць на беларускі рынак каля 45–50 тысяч тонаў металапрадукцыі».

Заўтра форум у Жытоміры маюць наведаць кіраўнікі абедзвюх дзяржаваў.

Адэля Дубавец belsat.eu