Форум рэгіёнаў у Жытоміры: у адказ Зяленскаму Лукашэнка аджартоўваўся


Гістарычная, першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Зяленскім адбылася ў Жытоміры падчас Другога форуму рэгіёнаў Беларусі ды Украіны. Пра што гаварылі кіраўнікі дзяржаваў ды ці знайшлі агульную мову?

«Вайбэр», аплікацыя MSQRD, Парк высокіх тэхналогіяў, дзе распрацоўваюць штучны інтэлект: вось чым у чаканні сустрэчы прэзідэнтаў хваліліся беларускія чыноўнікі. Украінскія ж адзначалі, што ў рэгіёнах паболела турыстаў з Беларусі, і наракалі на занадта малы таваразварот.

Доўгачаканае з’яўленне прэзідэнтаў ажывіла найбольш актуальныя пытанні. Зяленскі зноў тлумачыў сутнасць «формулы Штайнмаера», амаль ва ўнісон кіраўнікі дзяржаваў паведамілі, што ўкраінскі журналіст Павел Шаройка, які быў зняволены ў Беларусі, вярнуўся дадому. Аднак, выступаючы на сцэне, Лукашэнка намагаўся засяродзіцца на эканамічнай супрацы:

«На перамовах з Уладзімірам Аляксандравічам адмыслоўцы, чальцы ўраду падымалі пытанне, што магчыма, пакуль мы бліжэй не пазнаёмімся, – тут жа шмат прыйшло новых людзей ва ўрад – форум варта праводзіць штогод».

Гаварыў Лукашэнка і пра неабходнасць ствараць сумесныя прадпрыемствы, і пра магчымасць правесці адну на дзве краіны Алімпіяду. Аднак потым зазначыў:

«Чым больш з’яднанымі будзем мы, тым большы супраціў мы будзем адчуваць. Ніхто і ніколі, як бы гэта пра гэта ні заяўлялі палітыкі вакол нас і ў свеце, не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць».

Пры гэтым Зяленскі не ўпусціў магчымасці, каб нагадаць пра агрэсара-Расею і падкрэсліць стратэгічную важнасць таго, каб мець побач саюзніка. Ён напаўжартам, напалову сур’ёзна сказаў:

«Я толькі што падумаў, не хачу нікога дзяліць, але падумаў, да каго ж бліжэй беларусы – да расейцаў ці да ўкраінцаў. Потым я зразумеў адказ на гэтае пытанне. Калі ласка – адказ у прозвішчах паважаных гасцей».

Незадаволены гул у зале выклікала агаворка Лукашэнкі, які назваў рэгіёны Украіны «рэгіёнамі Расеі». У адказ на заўвагу Зяленскага кіраўнік Беларусі паспрабаваў аджартавацца:

«Ой, я спалохаўся ўжо, што вас назваў Уладзімірам Уладзіміравічам».

Лукашэнка паскардзіўся, што атмасферу свята ў Жытоміры сапсавалі журналісты, якія стварылі гэткі ажыятаж, быццам сустрэча прэзідэнтаў Беларусі ды Украіны – сустрэча супернікаў ці ворагаў. А гэта, паводле беларускага лідара, не так.

Адэля Дубавец belsat.eu

Фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum