Форум рэгіёнаў у Магілёве. Мядовы месяц Беларусі і Расеі?


З’явілася святло напрыканцы тунэлю для ўладаў Беларусі. Пасля месяцаў эканамічных канфліктаў і сустрэч Лукашэнкі ды Пуціна амбасадар Расеі заявіў, што неўзабаве краіны падпішуць пагадненні ў энергетычнай сферы. Ці пакладуць дамовы ў Магілёве канец энергетычным і малочным войнам?

Магілёў. Тут рыхтуюцца да спаткання Аляксандра Лукашэнкі ды Уладзіміра Пуціна, якія наведаюць Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі. З пачатку гэтага года лідары краінаў сустракаюцца тэт-а-тэт ужо пяты раз.

Перад папярэднімі візітамі расейскія медыі не шкадавалі крытыкі на адрас Лукашэнкі, казалі пра ягоную нелаяльнасць, хваробы ды планы Крамля змяніць кіраўніка Беларусі. Сёння ж прыходзяць, здавалася б, пазітыўныя навіны: Масква і Менск узгаднілі планы паставак нафтапрадуктаў.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік:

«Расея спыняе пастаўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, якія складалі больш за палову імпарту нафтапрадуктаў з Расеі. І іх было найбольш выгадна экспартаваць, паколькі экспартныя мыты на іх падняліся да ўзроўню сырой нафты. У выніку Беларусь страціць каля паўмільярда долараў».

Таксама расейскія і беларускія медыі заявілі аб падпісанні харчовага балансу. Дакумент можа дазволіць Менску павялічыць продаж малака і мяса ў Расею. Праўда, эксперты прапаноўваюць ацэньваць не планы, а вынікі. Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Невядома, ці захаваюцца субсідыі беларускай эканоміцы на папярэднім узроўні пасля таго, як Расея скончыць падатковы манеўр у нафтагазавай галіне. Таму рана казаць пра нейкія абяцанні».

Адносіны саюзнікаў апошнімі дзесяцігоддзямі – гэта шэраг эканамічных канфліктаў. Энергетычныя войны звычайна выбухаюць, калі Расея павышае цану на газ, а харчовыя – пачынаюцца або без усялякіх відавочных прычынаў, або пасля таго, як Беларусь нарошчвае экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, тым самым выклікаючы падазрэнні ў рээкспарце. Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Торг ідзе вакол таго, колькі каштуюць саюзніцкія адносіны Беларусі. А гэта немагчыма вымераць у рынкавых адзінках. Заўсёды ўзнікае торг. Таму канфлікты ў беларуска-расейскіх адносінах проста запраграмаваныя».

Да гандлёвых канфліктаў можна дадаць аднаўленне мяжы паміж дзвюма краінамі ды незадаволенасць Крамля супрацаю Лукашэнкі з Украінаю.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Непахісна адно, і вы гэта ведаеце: мы суверэнная і незалежная краіна. Калі ўжо шчыра казаць, не толькі дзякуючы памкненням нашага народу мы сталі суверэннай і незалежнай дзяржавай. Гэтага хацела Расея […] У XXI стагоддзі казаць (як яны пішуць там) пра інкарпарацыю, уключэнне Беларусі ў склад Расеі, проста смешна».

Пра непахіснасць суверэнітэту Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Міхаілам Бабічам – новым амбасадарам Расеі ў Беларусі. Былы дэсантнік, які некалі ўзначальваў урад Чачэніі, на пасольскай пасадзе змяніў «моцнага гаспадарніка» Аляксандра Сурыкава. За апошнія месяцы Лукашэнка згадвае пра гатовасць абараняць незалежнасць усё часцей.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«У расейскіх СМІ было мноства алармісцкіх прагнозаў, што ў Менск едзе генерал-губернатар, царскі намеснік. У адказ на гэтыя публікацыі і прагнозы Лукашэнка заяўляў, што незалежнасць для Беларусі – гэта важна».

Не, гэта не «мядовы месяц», гэта зацішша перад новаю сямейнаю сваркай – кажуць эксперты. Расея не можа даць Беларусі больш прэферэнцыяў, а без іх беларуская эканоміка ўжо не расце. Непрадказальнай ды небяспечнай застаецца замежная палітыка Крамля. Інтарэсы Масквы і Менску разыходзяцца, але «сысці на Захад» нязменны беларускі лідар не зможа. Для супрацы з Еўропаю Лукашэнку неабходна правесці дэмакратычныя рэформы, а значыць – адмовіцца ад улады.

Аляксандр Папко, belsat.eu