Аб'ектыў 22.05.2017 Форум ІП: змрочныя перспектывы, будзе толькі горш


Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які традыцыйна ладзіць Грамадскае абʼяднанне «Перспектыва», збірае ІП з усёй краіны – тое, як змагацца за свае правы, абмяркоўваюць да паўтысячы бізнесоўцаў. Сёння ж зала гатэлю «Беларусь» свяціла пусткамі: на форуме менш за паўтары сотні прадпрымальнікаў.

Пагроза знішчэння дробнага бізнесу – лейтматыў сустрэчы

«Ідзе скарачэнне лічбы ІП і мы прагназуем, што гэта будзе назапашвальны працэс, калі не пайсці на шэраг захадаў, што на наш погляд стабілізуе сітуацыю. Тры гады таму мы казалі, што існуе пагроза змяншэння лічбы ІП. Сёння мы гэта атрымалі, цяпер мы кажам пра тое, што ўвогуле можа не стаць прадпрымальнікаў праз некалькі год», – пужаў лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка.

На форум завіталі і прадстаўнікі Міністэрства эканомікі

Улады цяпер рыхтуюць цэлы пакет прававых актаў, каб стымуляваць дзелавую актыўнасць і адмяніць лішнія патрабаванні да бізнесу. З гледзішча дзяржавы, праблемы змяншэння колькасці ІП – няма.

«Па колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў агулам, мы не бачым скарачэння: колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў за паўтары гады зменшылася амаль на дзесяць тысяч, але пры гэтым павялічылася колькасць наёмных асобаў у ІП на трыццаць тысяч, такім чынам у гэтым сектары ідзе рост лічбы занятых», – даводзіў Пётр Арушаньянц з дэпартаменту прадпрымальніцтва Мінэканомікі.

Матэматыка чыноўніка не задаволіла ўдзельнікаў форуму

Маўляў, статыстыку можна павярнуць, як хочаш, а малы бізнес у краіне працуе сабе ў мінус. І прычына не толькі ў нормах, кшталту 222-га ўказу, які забараняе гандляваць імпартным таварам без накладных і сертыфікатаў, але і ў тым, што пакупніцкая здольнасць беларусаў даўно не была такая нізкая.

У Міністэрстве эканомікі пра гэтую праблему ведаюць і абяцаюць, што ўрад возьмецца за разгляд пакету законаў-палёгак для ІП ужо ў сярэдзіне года.

Стратэгія Мінэканомікі прадугледжвае, што да 2030 года ўкладанні ад малога і сярэдняга бізнесу будуць складаць да 50 % унутранага валавога прадукту – удвая больш, чымся цяпер.

Прадстаўнікі бізнес-саюзаў раскрытыкавалі гэты план

«У нас нажаль словы часцяком разыходзяцца са справай і дзяржава не навучылася дзеяць стратэгічна – маўляў, узяць сёння і цяпер. Трэба набрацца цярпення і дачакацца, каб бізнес дастаткова ўмацаваўся», – мяркуе спадар Шумчанка.

Прадпрымальнікі адправілі свае прапановы да дакументу, што рыхтуе Міністэрства эканомікі. Бо пытанні арэнды, чыпавання і сертыфікацыі ў сённяшніх умовах проста неразвязальныя для дробнага бізнесу, а калі за чарговымі прыгожымі словамі чыноўнікаў не пойдуць дзеянні, кажуць прадпрымальнікі, то да 2030 года проста не будзе каму ўкладацца ў той валавы прадукт.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Аляксей Мацюшкоў / onliner.by

Глядзі таксама
Каментары