«Форт Трамп» у Польшчы


У суседняй Польшчы ў бліжэйшыя гады можа з’явіцца «Форт Трамп» – пастаянная амерыканская вайсковая база. Акалічнасці вайсковай супрацы між Варшавай і Вашынгтонам у межах блоку НАТО прэзідэнты дзвюх краінаў абмяркуюць асабіста на наступным тыдні. Візіт Анджэя Дуды рыхтуюць на фоне новых захадаў Паўночна-Атлантычнага альянсу, скіраваных на стрыманне расейскай ядравай пагрозы ў Еўропе.

Ва ўмовах пандэміі каронавіруса сустрэча міністраў абароны краінаў НАТО адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі. Саюзнікі дамовіліся аб новым пакеце захадаў у адказ на ўзмацненне ракетна-ядравай праграмы Расеі. Небяспечныя паводзіны Масквы і безадказная ядравая рыторыка, скіраваная на запужванне і пагрозы ў бок краінаў НАТА, дэстабілізуюць сітуацыю – заявіў пасля нарады генеральны сакратар Альянсу.

«Летась разгортванне Расеяй ракетнай сістэмы «Іскандэр» прывяло да краху Дамовы аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і малой дальнасці. «Іскандэр» – ракеты падвойнага прызначэння, яны мабільныя, іх цяжка знайсці, яны могуць дасягаць еўрапейскіх гарадоў і маюць малы час папярэджання. І яны зніжаюць парог ужывання ядравай зброі. Таксама Расея мадэрнізуе міжкантынентальныя балістычныя ракеты, увяла ў эксплуатацыю гіпергукавы глайдар, выпрабоўвае балістычную ракетную сістэму паветранага базавання і распрацоўвае крылатую ракету з ядравай энергетычнай устаноўкай», – зачытаў пастанову Енс Столтэнбэрг.

Краіны НАТО адкажуць перадусім інвестыцыяй у сродкі паветранай і ракетнай абароны, такія як сістэмы «Patriot» і знішчальнікі пятага пакалення.

«Мы будзем захоўваць нашае стрымліванне і абарону, але не будзем люстрана паўтараць дзеянняў Расеі. Мы не плануем разгортваць новыя ядравыя ракеты наземнага базавання ў Еўропе», – запэўніў генеральны сакратар Альянсу.

Таксама краіны НАТО запланавалі новыя сумесныя вучэнні. Якраз цяпер некалькі тысячаў амерыканскіх вайскоўцаў удзельнічаюць у манеўрах у Польшчы.

«У бліжэйшай будучыні вы пабачыце, як прэзідэнты Трамп і Дуда працуюць разам, каб зрабіць нашыя краіны больш бяспечнымі. Мы прыхільныя NATO, і гэтыя вучэнні – ідэальны прыклад нашай прыхільнасці Альянсу», – заявіла жаўнерам і афіцэрам Джорджэт Мосбэкер, амбасадарка ЗША ў Польшчы.

Гэтыя заявы і вучэнні важныя таму, што якраз цяпер Доналд Трамп патрабуе ад саюзнікаў павялічыць выдаткі на абарону, каб Злучаныя Штаты не неслі асноўнага цяжару на сабе.

«У нас 52 тысячы вайскоўцаў у Нямеччыне, гэта вельмі шмат і вельмі дорага для Злучаных Штатаў. А Нямеччына, як вы ведаеце, істотна пратэрмінавала свой унёсак у НАТО, і яны выдаткоўваюць толькі 1 % валавога ўнутранага прадукту на абарону, а трэба 2 %, хаця гэта таксама мала», – выказваўся прэзідэнт ЗША.

Сёння Кабінет прэзідэнта Польшчы паведаміў, што Анджэй Дуда ў панядзелак праз тэлефон абмяркуе саюзныя справы з генсакратаром НАТА, а ў аўторак увечары паляціць у Вашынгтон на перамовы з Доналдам Трампам.

«Пытанні абароны і бяспекі – вельмі важная тэма цяпер, асабліва ў сферы будучай супрацы між Польшчай і Злучанымі Штатамі, таксама важная энергетычная супраца між нашымі краінамі», – заявіў сёння Анджэй Дуда.

У польскім Міністэрстве абароны заявілі, што магчымае скарачэнне амерыканскай прысутнасці на нямецкіх базах можна сумясціць з пераводам вайскоўцаў менавіта ў Польшчу ў мэтах агульнай бяспекі. А значыць, «Форт Трамп», які пакуль існуе толькі як абʼект перамоваў, усё больш набліжаецца да рэальнага выканання.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»