Фізік-атамшчык: «Росатом» падманвае Фінляндыю ў пытанні Беларускай АЭС


Улады Беларусі хваляць, літоўскія наракаюць. Залагодзіць сітуацыю з Беларускай АЭС паспрабаваў трэці бок – Фінляндыя. Міністр замежных справаў гэтай краіны запрасіў экспертаў з Беларусі ды Літвы наведаць будаўніцтва падобнага атамнага аб’екту ў Фінляндыі ды тым самым зняць перайманні Вільні ў пытанні ядравай бяспекі.

Цяпер – у лістападзе, а першы раз – у верасні група даследнікаў узяла пробы з прыроды, якая атачае Беларускую АЭС. Аналіз пакажа стан глебы, дрэва, паветра, вады і гародніны перад запускам рэактару. Пасля запуску неба над Астраўцом непазбежна зменіцца, уздыхае прафесар Георгій Лепін:

«Атамныя станцыі выкідваюць вялікую колькасць газападобных прадуктаў і ў тым ліку ёсць некалькі прадуктаў небяспечных. Першы з іх гэта Крыптон-85».

Крыптон змяняе электраправоднасць атмасферы, што спрыяе ўзнікненню пажараў, удакладняе сустаршыня абʼяднання «За безʼядравую Беларусь». Будаванне АЭС пад Астраўцом Георгій Лепін лічыць геапалітычным планам Крамля адносна краінаў Балтыі:

«Расея як толькі зразумела, што губляе рычагі, пачала тут жа будаваць дзве станцыі – у Беларусі і Калінінградскай вобласці».

Стабільна супраць Беларускай АЭС блізка сваёй мяжы выступае Літва. Краіна звярнулася ў Раду Еўропы са скаргаю на стрэс-тэсты на станцыі і створаны па іх выніках нацыянальны план дзеянняў.

Напярэдадні ў краіне адбыліся агульнанацыянальныя абаронныя вучэнні на выпадак аварыі. А раней Вільня на заканадаўчым узроўні адмовілася набываць беларускую энергію.

Сёння гэты аб’ект замінае наладжванню супрацы Беларусь і Еўразвязу, заўважыў міністр замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам:

«Застаецца вельмі складаная праблема – праблема ядравай бяспекі. […] Таму сёння мы зрабілі прапанову запрасіць экспертаў з Беларусі і Літвы наведаць Фінляндыю, сустрэцца з нашымі тэхнічнымі экспертамі (каб зняць гэтыя перайманні – рэд)».

Фізік-атамшчык і эколаг з Масквы Андрэй Ажароўскі тлумачыць, што фінская атамная станцыя, праектаваная «Росатамам», гэта не ўзор у пытаннях бяспечнасці:

«Яны там лес ссеклі, плот пабудавалі, прахадную пабудавалі, але ліцэнзіі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў іх няма, таму што «Росатам» падманвае, гэтаксама, як ён падмануў Беларусь… Фінскі кантралюючы орган не дае ліцэнзіі на будаўніцтва, значыць [у яго – рэд] ёсць пытанні».

Гатовасць да няшчасных выпадкаў сталася адною з галоўных тэмаў і падчас паседжання камісіі СНД па мірным выкарыстанні атамнай энергіі. Міждзяржаўнае пагадненне аб супрацы ратыфікавалі не ўсе – толькі Узбекістан, Беларусь і Расея. Мікалай Спаскі, намеснік гендырэктара «Росатома», тлумачыць:

«Важна, каб у нас было агульнае поле для супрацоўніцтва. Каб камунікавалі нашыя навукоўцы, каб мы размаўлялі на адной тэхнічнай і навуковай мове. Дзесьці, магчыма, былі выкарыстаныя адзіныя стандарты. Там, дзе магчыма (у ключавых галінах), уніфікавалі адзінае заканадаўства».

У лістападзе мінула 12 гадоў з дня падпісання Указу №565, які без узгаднення з насельніцтвам зрабіў Беларусь атамнаю дзяржаваю. Інтэнсіўнае будаўніцтва распачалося праз 5 гадоў і вось-вось завершыцца:

2007 – атамны Указ №565

2012 – распрацоўка 1-га катлавану

2014 – будаўніцтва 2-га энергаблоку

2016 – вучэбна-трэнавальны цэнтр АЭС

2017 – усталяванне корпуса 1-га рэактара

2020 – фізічны пуск рэактараў

На першым энергаблоку – выпрабавальны цыкл, які скончыцца пастаўкаю паліва ў Астравец. Вытворца – Новасібірскі завод хімканцэнтратаў, які ўваходзіць у паліўную кампанію «Росатама» – «ТВЭЛ».

Юлія Цяльпук belsat.eu