Фізічная культура і жыццё без стрэсу – калі хочаш быць здаровым


Любоў да фізічнай культуры ў Настассі з дзяцінства. У школе яна брала ўдзел у спартовых спаборніцтвах, хадзіла з бацькамі ў паходы. Цяпер жа спалучае любімую справу з карыснай – працуе інструктаркай на скаладроме.

«Скалалажанне відавочна станоўча ўплывае на маю фізічную форму і здароўе. Бо нагрузка вельмі рознабаковая, нагрузка нязвыклая. І на самой справе скалалажанне падтрымлівае ў форме ўсе мышцы ў целе», – распавядае інструктарка скаладрому «Plato» Настасся.

Паводле Настассі, пачаць займацца можа кожны, незалежна ад фізічнай падрыхтоўкі і спартовага досведу.

«Прыйсці можа чалавек, што ўвогуле не падрыхтаваны, але ён хоча лазіць і ў яго гэта атрымоўваецца. І ў яго будуць балець ручыцы так сама моцна, калі б прыйшоў чалавек, што займаецца другім відам спорту, тым жа бодзібілдынгам. У яго будуць балець тыя ж ручыцы, і яны будуць на адным узроўні», – зазначае Настасся.

Фізічная нагрузка, плюс правільнае харчаванне, дый пазбяганне залішняга стрэсу – гаранты здаровага самаадчування. Кажуць дактары.

«Генетыка мае ўнёсак у здароўе прыблізна 30 %, 40 % – гэта лад жыцця, астатнія 30 % – узровень аховы здароўя, экалогія ды іншае. Фактычна лад жыцця мае асноўны ўнёсак у нашае здароўе», – тлумачыць педыятр Сафія Собаль.

Згодна з Белстатам, летась 64 адсоткі беларусаў характарызавалі стан свайго здароўя як здавальняючы, і толькі 8,5 адсоткаў – як дрэнны. Мы запыталіся ў мінакоў на вуліцы, як яны клапоцяцца пра здароўе:

«Я прымаю ванну кожны дзень некалькі гадзін. Я разгружаю псіхіку, мяне гэта супакойвае».

«Здароўе і спорт – гэта ўсё разам. Але пачынаць трэба з культуры, псіхалагічнай. Я такім чынам падтрымліваю: харчаванне, фізкультура і культура».

«Я заўжды гартуюся. Мяне мама прывучыла весці здаровы лад жыцця. Я прымаю кантрастны душ, бегаю з раніцы».

Тым не менш, у Беларусі штогод назіраецца рост інфекцыйных захворванняў і новаўтварэнняў, хваробаў крывяноснай сістэмы. Напрыклад, паводле Белстату, калі ў 2017 годзе на 100 тысяч чалавек было 1400 выпадкаў анкалогіі, то ў 2018-м – амаль 1548 выпадкаў. Асабліва небяспечная такая медычная карціна пры эпідэміях – як, напрыклад, цяпер, пры распаўсюдзе каронавіруса. Бо людзі з хранічнымі захворваннямі – найбольш уразлівыя да COVID-19.

«Сам вірус так уздзейнічае на арганізм, што неабходна быць цалкам здаровым, каб спакойна праз гэта прайсці. Ён чапляецца, і адразу ж ідзе разбалансаванне ўсіх механізмаў у арганізме», – кажа педыятр Сафія Собаль.

Але і ў сённяшняй сітуацыі, упэўненая адмыслоўца, можна засцерагчыся ад хваробы. Галоўнае – прытрымлівацца рэкамендацый дактароў аб самаізаляцыі, не рызыкаваць лішні раз і не паддавацца паніцы. Уласнае здароўе – вашая адказнасць! Своечасова займайцеся прафілактыкаю хваробаў і ўмацоўвайце імунітэт. Дбайце пра сябе!

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»