Аб'ектыў 31.10.2018 Фірма ў Полацку не выплачвае заробак працаўнікам пасля выпрабавальнага тэрміну


Працаваў, а заробку не атрымаў. Добра выпрацаванаю стратэгіяй для аднаго з прадпрыемстваў у Полацку ёсць пастанова развітвацца з працаўнікамі без аплаты пасля выпрабавальнага тэрміну. Пра тое, як людзі робяцца закладнікамі беларускіх рэаліяў, дзе бракуе канкурэнцыі, развітога бізнесу і, адпаведна, выбару працы.

Праца ідзе, а грошы за яе – невядома каму – кажа Цімафей Медзякоў, жыхар Полацку:

«Я думаў, што гэта будзе неяк як выпрабавальны тэрмін. У выніку і афіцыйна не аформіўся, і грошай не пабачыў».

Урэшце толькі пасля скаргаў, што няма як аплаціць дзецям садок, кіраўніцтва фірмы «Прыдзвінскі фальварак» выплаціла Цімафею частку заробку. Але як выявілася, такая схема – калі фірма брала нібыта на выпрабавальны тэрмін, а працаўнік заставаўся ні з чым – папулярная ў тамтэйшых кадравікоў. Жыхар Полацку Міхаіл Кабылінскі трапіў у аналагічную сітуацыю:

«Пад прапановай выпрабавальнага тэрміну абяцалі аформіць. У выніку месячнай адпрацоўкі я падышоў адносна авансу. Але авансу – не было. Як і заробку».

«Прыдзвінскі фальварак» быў заснаваны толькі два гады таму і спецыялізуецца ў гандлі кандытарскімі ды мяснымі вырабамі. Кіраўніцтва кампаніі ў асобе Ігара Огаля мае адключаныя тэлефоны, а працаўнікі фірмы, з якімі ўдалося звязацца, нядаўна перааформілі кантракты на фірму з іншай назвай – «Продовольственный ресурс».

Але ў нашым распараджэнні ёсць запіс тэлефоннай размовы, дзе прадстаўнік «Фальварку» паводле старой схемы абяцае працаўладкаваць на выпрабавальны тэрмін, каб пазней падпісаць кантракт заднім чыслом. З гэтым ужо можна спрабаваць звяртацца ў міліцыю, але вярнуць рабочым заробак, не маючы ніякай дамовы з фірмай, праваабаронцам здаецца немагчымым.

«А з іншага боку, гэта паўсюдная сітуацыя ў Беларусі, што які б ты ні быў пісьменны, калі дзяржава не можа цябе забяспечыць працай, годным заробкам, то грамадзяне вымушаныя пагаджацца на ўсе хітрыкі махляроў – працаваць і за сваю працу нічога не атрымаць, ці атрымаць капейку замест рубля», – каментуе Павел Левінаў, праваабаронца цэнтру «Вясна», Віцебск.

Пагатоў пра рэпутацыю фірмы красамоўна сведчаць шматлікія скаргі. Але што рабіць, калі маеш дзяцей, а іншай працы ў Полацку няма?

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары