Фініш выбарчай кампаніі: агітацыя і падсумаванні ЦВК


У цэнтры Магілёва пікетуе вылучэнец ад «Моладзевага блоку» Міхаіл Варанцоў. Ён мае намер прасунуць інтарэсы маладога пакалення, бо сярэдні ўзрост дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў складае 53 гады.

Міхаіл Варанцоў, вылучэнец па 85-й Цэнтральнай акрузе Магілёва:

«Не ведаем, да чаго гэтыя выбары прывядуць, і ці працуюць увогуле выбары ў нас, але мы вымушаныя пайсці па гэтым шляху, каб данесці праблемы і іх вырашэнне».

«Моладзевы блок» прапаноўвае канкрэтныя папраўкі ў шэраг заканадаўчых актаў. Яны датычаць прызываў у войска, прымусовага размеркавання і дэкрыміналізацыі артыкулаў за спажыванне наркотыкаў у малых дозах. З апошняю фармулёўкаю не пагадзіліся ўдзельніцы Руху маці 328, што першапачаткова хацелі падтрымаць пікет.

У Віцебску ж агітацыйны пікет з беларускім і расейскім сцягамі зладзіла кандыдатка ў дэпутаты Эльвіра Мірсалімава. Яе ведаюць як арганізатарку віцебскага шэсця «Несмяротны полк», прыхільніцу канцэпцыі гэтак званага «русского мира» ды інтэграцыі з Расеяй.

Эльвіра Мірсалімава, вылучэнка па 19-й Віцебска-чыгуначнай акрузе:

«Мы эканамічна завязаныя на Расеі, і, вядома, мы завязаныя гістарычна, культурна, гэта наша родная краіна, гэта наш галоўны саюзнік. Захаду мы не патрэбныя. Расея – гэта заўсёды будуць нашыя родныя людзі, нашая родная краіна».

Яшчэ да акцыі блогера NEXTA паспеў правесці свой пікет кандыдат ад кампаніі «Гавары праўду» Яўген Каравулаў. Між іншага, ён выступае за самакіраванне на месцах і эканамічныя змены.

Яўген Каравулаў, вылучэнец па 105-й акрузе Менску:

«Адна з мэтаў пікету – сабраць подпісы за прыняцце Беларуссю Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, якая дазволіць захоўваць грошы на месцах, каб мясцовая адміністрацыя менш залежала ад вертыкалі ўлады».

Нягледзячы на візуальную актыўнасць падчас сёлетняй выбарчай кампаніі, далёка не ўсе кандыдаты сур’ёзна прэтэндуюць на крэсла ў парламенце, абураецца старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. З 530 кандыдатаў дзве сотні нават не змясцілі сваёй перадвыбарчай праграмы ў СМІ.

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК Беларусі:

«Яны паленаваліся нават скласці гэтую праграму і падаць праз медыі. Не ўсе выступалі па тэлебачанні і радыё, удзельнічалі ў дэбатах. Нават у Менску, дзе ўсе акругі маюць больш за дзве асобы, некаторыя дэбаты праходзілі з удзелам двух кандыдатаў у дэпутаты. Гэта кажа пра тое, што гэтыя кандыдаты не маюць сур’ёзных намераў на абранне».

А сярод праграмаў некаторых кандыдатаў ёсць пункты, не магчымыя для рэалізацыі, адзначае аналітык BISS.

Кацярына Шмаціна, аналітык BISS:

«Часам ёсць супярэчнасці, калі кажуць, што капіталізм – гэта кепска, ён вядзе да падвышэння коштаў і збяднення грамадства, і ў гэтым жа парадку заклікае да таго, каб мадэрнізаваць эканоміку».

Акрамя ўзроўню падрыхтаванасці кандыдатаў да выбараў цяжка не згадаць пра традыцыйныя беларускія электаральныя праблемы. Адмыслоўцы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» фіксуюць, што апазіцыйным кандыдатам адмаўлялі ў публікацыі перадвыбарчых праграмаў, трансляцыі выступаў, а таксама пазбаўлялі рэгістрацыі кандыдатаў.

Юлія Лабанава belsat.eu