Аб'ектыў 06.09.2018 Фінансіст з Расеі: Дапамагаем дыктатарам Сірыі і Беларусі


На трэцім тыдні працы на пасадзе прэм’ера Сяргей Румас зрабіў першы даклад кіраўніку краіны. Абмяркоўвалі практычна ўсё: ад будучых беларуска-расейскіх перамоваў да футболу. Румас распавёў, што асноўная прычына запаволення росту беларускай эканомікі – паступовая дэвальвацыя расейскай валюты. Але, паводле прэм’ера, мы маем унутраныя рэзервы, якія можна выкарыстаць для эканамічнага росту.

«Калі Румас называў новага міністра эканомікі, казаў, што трэба працаваць у новых умовах. Гэта дае стрыманы аптымізм, што новая маладая каманда ўраду будзе прынамсі спрабаваць нешта рабіць. Іншая справа, які ад Лукашэнкі яны атрымалі карт-бланш, тут ёсць пытанні», – кажа намеснік галоўнага рэдактара Tut.by Аляксандр Заяц.

Сярод рэзерваў – і перафарматаванне ўраду. Сяргей Румас заявіў, што 36 чальцоў – зашмат для Беларусі. Імаверна, кадравыя змены ў Савеце Міністраў працягнуцца бліжэйшым часам.

«Сам трэнд – на карысць рынкавых рэформаў. Тут пытанне, наколькі глыбокі ён будзе і наколькі вытрымаюць рыначнікі ў такіх вельмі неспрыяльных умовах, якія сёння ёсць у Беларусі», – заўважае Пётра Рудкоўскі з Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Не менш, калі не больш увагі – да парадку дня перамоваў з Расеяй. У прыватнасці, новая каманда беларускіх урадоўцаў плануе размаўляць пра крэдыт у 1 млрд долараў на рэфінансаванне бягучых пазык. Таксама беларускі бок разлічвае на 400 млн долараў па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Масква на замежнай палітыцы не ашчаджае, і грошы Менску дадуць, прагназуе расейскі фінансіст Арцём Тарчынскі:

«Лукашэнка – вельмі добры палітык з пункту гледжання лабіявання сваіх інтарэсаў у Расеі. Я думаю, грошы будуць вылучаныя. Гэта асабліва цынічна, калі дапамагаем сірыйскаму народу, беларускаму народу, хаця не столькі народу, колькі дыктатарам».

Яшчэ адзін вынік сустрэчы прэм’ера і прэзідэнта – падатковыя ільготы Беларускай федэрацыі футболу, якую ўзначальвае Румас. Арганізацыя не будзе сплочваць падаткаў з імпарту для будоўлі футбольных комплексаў бліжэйшыя паўтара года.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа БелТА

Глядзі таксама
Каментары