Фігуранты «справы антыфашыстаў» выходзяць на свабоду


Дваіх асуджаных паводле справы, вядомай як «справа антыфашыстаў», выпусцілі з-за кратаў. Напярэдадні на волю выйшаў Вадзім Бойка, сёння Філіп Іваноў.

Абодвух фанатаў ФК «Партызан» суд прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі за сутычку з фанатамі менскага «Тарпеда» у тралейбусе. З чатырох гадоў Бойка адседзеў год і тры месяцы, Іваноў – дзесяць месяцаў. Цяпер хлопцы дома пад падпіскамі аб нявыездзе, прычыны такога раптоўнага вызвалення ім не патлумачылі.

«Тут, мне падаецца, сышлося два інтарэсы, таму што справа была вельмі публічная, рэзанансная, шмат хто за ёй назіраў, таму, можа, ГУБАЗ, які курыраваў гэтую справу, перабольшыў з нейкімі замоўленымі тэрмінамі, і гэта стала відавочна менавіта зараз, у падрыхтоўцы ды афіцыйнага разгляду і вырашылі хоць трохі змякчыць гэтую шуміху і рэзананс», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Аднак паплечнікі антыфашыстаў у раптоўнае вызваленне не надта вераць і мяркуюць, што пасля разгляду апеляцыі 16 чэрвеня іх могуць вярнуць за краты. Цяпер у турме паводле гэтай самай справы сядзяць яшчэ чатыры чалавекі з тэрмінамі ад 6 да 12 гадоў.