«Білі чацвёра, клалі, заломвалі рукі, білі каленам у сонечнае спляценне»


Паплечнік Статкевіча паказаў яшчэ свежыя сінякі. Ён называе ўмовы, што там пануюць, гулагаўскімі і закліканымі прынізіць чалавека. Менавіта ягоныя паведамленні пра жудасныя катаванні ў засценках Следчага ізалятару сталіся падставаю звароту 9-ці праваабарончых арганізацыяў.

«Мяне білі чацвёра, клалі, заломвалі рукі, білі каленам у сонечнае спляценне», – распавядае Сяргей Кунцэвіч.

Кунцэвіч, днямі вызвалены з-за кратаў СІЗА КДБ

 

«Мы сурʼезна занепакоеныя становішчам усіх астатніх фігурантаў, і таму ў мэтах перадухілення магчымых катаванняў гэтых людзей мы патрабуем змяніць ім меру стрымання на не звязаную з арыштам», – зазначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

За кратамі застаюцца 14 фігурантаў

Іх вінавацяць у незаконным захоўванні зброі ды масавых закалотах. Што праўда, зброя, што паказалі ў сюжэце па СТВ, – для гульні ў страйкбол. А абвінавачанне, на меркаванне незалежнай супольнасці, сфабрыкаванае. У той час як у засценках КДБ у дачыненні фігуранта справы ўжываліся сапраўдныя катаванні.

«Доўгім, працяглым электратокам мяне трымалі і сказалі, каб я сказаў, дзе знаходзіцца Мікола Статкевіч», – узгадвае спадар Кунцэвіч.

Затрыманыя па «справе патрыётаў» – не палітвязні. Як так?

Нястача матэрыялаў у справе не дазваляе прызнаць фігурантаў палітвязнямі. А гэта дало б праваабаронцам магчымасць звярнуцца не толькі да ўладаў Беларусі але і да міжнароднай супольнасці.

Праваабаронцы не выключаюць, што абвінавачаных у «справе патрыётаў» прызнаюць палітвязнямі ў перспектыве. Для гэтага, імаверна, давядзецца чакаць судоў, калі высвятляцца акалічнасці справы.

Марына Вашкевіч, «Белсат», фота: virtualbrest.by