Фідбэк на прамову Лукашэнкі


Учорашняя рэкордная па даўжыні прамова Аляксандра Лукашэнкі выклікала розныя эмоцыі ў слухачоў: здзіўленне, роспач, нуду. Хтосьці пачуў у маналогу новыя матывы, а хтосьці кажа пра тую ж шарманку з году ў год.

Вось рэакцыя некаторых палітыкаў і публіцыстаў.

Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнта:

«Гэта ўсяго толькі традыцыйная штучна, імітаваная істэрыка перад аперацыяй выцягвання дадатковых грошай у збяднелага і таму прыжымістага «папіка».

Андрэй Саннікаў, экс-кандыдат на прэзідэнта:

«Гэта было страшна. Фактычна на чале дзяржавы стаіць чалавек, які гэтаю дзяржавай не кіруе, не жадае прызнаваць відавочных рэчаў і спрабуе апавяданнямі пра майткі развязаць эканамічныя праблемы. Жыццё ў Беларусі становіцца ўсё цяжэйшае, людзі ў роспачы лезуць на краны, каб адстаяць свае правы, але ўлады адмаўляюцца іх чуць».

Аляксандр Мілінкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнта:

«Добра, што Лукашэнка цяпер разумее: Расея – галоўная небяспека, без Захаду аніяк. Але што да справаў у нашай любай Беларусі, то мы жывем у 2017 годзе, а Аляксандр Рыгоравіч у СССР. І адтуль дае парады і кіруе».

Святлана Калінкіна, публіцыстка:

«Слухала я Аляксандра Рыгоравіча і раптам зразумела, што ён усё ж такі збіраецца сыходзіць. Можа, ужо не сабраўся-сабраўся – так, каб рэчы са свайго кабінету вывозіць. Але ўжо сурёзна задумваецца пра гэта».