Фестываль фанфараў загучаў у сталіцы Палесся


Грукат ударных і звон духавых. 170 музыкаў у парадных строях зайгралі ды прайшліся маршам па цэнтральных вуліцах Пінску. Там адбыўся першы фестываль духавых аркестраў «Фанфара Палесся».

«Горад прыняў эстафету культурнай сталіцы, і ў межах гэтага праекту мы вырашылі, што мы маглі б упрыгожыць гэтую падзею, і таму вырашылі стварыць духавы фестываль. Фестываль духавых аркестраў», – кажа кіраўнік аркестру духавой і эстраднай музыкі Пінскага дому культуры Міхаіл Агевіч.

У святочным марш-парадзе, прымеркаваным да 75-ай гадавіны вызвалення Пінску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узялі ўдзел чатыры калектывы. Апроч узорна-паказальнага аркестру МУС ды аркестру мясцовага Дому культуры, завіталі замежныя госці. Польскія музыкі з гораду-пабраціму Лобэз і расейскі духавы аркестр Ірцінскага дому культуры.

Аб’ектыў
У Магілёве праходзіць фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа»
2019.05.22 22:20

«Гэта аб’ядноўвае і музыкантаў, і калектывы, і папулярызуе наш духавы жанр, жанр духавой музыкі, людзі прыходзяць, музыканты абменьваюцца досведам. Гэта вельмі добры фармат мерапрыемства», – гаворыць Кіраўнік духавога аркестру Ірцінскага дому культуры Юрый Здрогаў.

«Духавая музыка – гэта парад, марш, гэта ўсё, што ёсць для гораду добрае. Зычу ўсім жыхарам, пінчукам, палешукам – так вы кажаце? – усяго найлепшага. Са святам!» – адзначае кіраўнік Лобэзскага духавога аркестру Дар’юш Ледзён.

Дагэтуль жа горад над Пінай апошні раз бачыў парады духавых аркестраў больш за два дзясяткі гадоў таму – у 1997-ым, калі горад адзначаў 900-годдзе. Ідэя ж аднавіць свята духавой музыкі прыйшлася даспадобы гараджанам.

Кажуць жыхары і госці Пінску:

«Я ведала, што будзе гэтае мерапрыемства, я планавала свой час, каб абавязкова туды патрапіць, і ўгаварыла ўсіх сябровак таксама прыйсці туды».

Hавiны
Танцы, бігас ды Лайконік: як прайшоў Дзень Польшчы ў Менску. Фотарэпартаж
2019.06.15 17:52

«Тут шмат духавой прыгожай музыкі, якая гучыць ужывую, якую цікава слухаць, і яе ўспрымаеш зусім па-іншаму».

«Нам вельмі падабаецца. Я лічу, што такія мерапрыемствы мусяць быць і як мага часцей праводзіцца мусяць. У розных гарадах Беларусі».

Праводзіць «Фанфара Палесся» часцей абяцаюць і арганізатары. Сярод планаў кіраўніка духавога аркестру пінскага Дому культуры – зрабіць фестываль рэспубліканскага маштабу ды запрашаць калектывы з усёй Беларусі ды замежных краінаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»