Фэст вулічнага мастацтва ў Магілёве


Маляваць у Магілёве графіці – можна, нават трэба. З усімі перасцярогамі ў горадзе праходзіць фестываль вулічнага мастацтва «DOMA», а ў яго межах – майстар-клас графіці.

«Мы напісалі слова «Дабро», якога ў цяперашні час неяк замала, хацелася б болей. Паказаў на прыкладзе гэтага слова некалькі эфектаў. Цяпер мы ўжо раздалі гасцям балоны, і яны ўжо спрабуюць свае навыкі», – кажа мастак Уладзіслаў Жыгадла.

Беспрэцэдэнтную магчымасць падараваў жыхарам Цэнтр гарадскіх ініцыятываў. Палатном для гасцей сталася штучная сцяна з цэлафану, якую ў той жа вечар прыбралі. Але ж эмоцыі засталіся. Фестываль вулічнага мастацтва скіраваны на абуджэнне візуальнай фантазіі як гараджанаў, гэтак і мастакоў.

«Чаму «DOMA»? Так, мы часткова фарбуем дамы. Такім чынам мы ўпісваем іх у нашу прастору, якая знаходзіцца ў галаве. Прысутнасць такіх месцаў з малюнкамі актуалізуе прастору. Госці прыязджаюць да нас паглядзець на гэта ўсё, самі гараджане ганарацца, што ў нас такі крэатыўны, яскравы горад», – тлумачыць арганізатарка фэсту Таццяна Алекса.

Да ўдзелу ў фестывалі Цэнтр гарадскіх ініцыятыў запрасіў мастакоў з усёй Беларусі. Каб яны расквецілі малюнкамі фасады дамоў ды пустыя сцены ў дварах гораду. Усяго з’явіцца 15 новых аб’ектаў, неабходныя дазволы атрыманыя.

«Мы давалі творчую свабоду, але пры гэтым сказалі: пафантазіруйце, пафантазіруйце пра лакальныя сэнсы, пра Магілёў, пра вашае стаўленне да гораду», – кажа Таццяна Алекса.

Адзін з муралаў створаны мастаком Яўгенам Сасюрам, вядомым як Mutus. Ягоныя працы аздабляюць ужо Пінск, Смалявічы, Менск. У Магілёве Яўген выканаў ужо трэці мурал.

«Я стараюся рабіць малюнак не банальна вясёлым, а нейкім загадкавым, каб у ім прасочваліся нейкія ноткі меланхоліі, але ў той жа час каб ён не ціснуў, каб не выклікаў негатыўных думак, – ну, нешта такое задуменнае», – каментуе мастак Яўген Сасюра.

Для Яўгена вялікае значэнне мае кампазіцыя і тое, як мурал упішацца ў канкрэтны фасад. Мяркуючы па рэакцыі гараджанаў, у Mutus зноўку выйшаў сапраўдны шэдэўр! Вось што кажуць жыхары Магілёва:

«Вось такую карціну я бачыў недзе там, у горадзе, але гэтая яшчэ лепш, чым тая. Я адразу, калі ішоў, звярнуў увагу. Аж рот адкрыў – так прыгожа».

«Так падабаецца, такія вясеннія пачуцці, добрыя, радасныя».

«Мне гэта вельмі падабаецца, і лічу, што гэта трэба рабіць, і мастакоў у нас хапае!»

Фестываль вулічнага мастацтва «DOMA» зрабіўся падарункам Магілёву на Дзень гораду. Жыхары ўжо могуць рабіць сэлфі на фоне яркіх малюнкаў, а 26 чэрвеня ўсіх ахвочых запрашаюць на экскурсію па старых і новых арт-абʼектах.

Вольга Васільева, «Белсат»