Фермеры распавялі, як гэта – вырошчваць экалагічна чыстую гародніну ў Беларусі


У лістападзе набывае моц прыняты летась закон аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі. Як цяпер беларусы вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю і што зменіцца – распавядалі эксперты і фермеры падчас адмысловага прэс-туру, арганізаванага ўстановай «Аграэкакультура».

Дзмітрый Лютаеў з-пад Бярозы другі год вырошчвае і прадае экалагічна чыстую прадукцыю.

«Арганічная кукуруза, якая не проста арганічна вырашчана, але з арганічнага насення. Гэта адмысловы гатунак, гэтак званая салодкая кукуруза, гэта такія гатункі, якія доўга трымаюцца салодкімі і пяшчотнымі», – паказвае Дзмітрый сваю гародніну.

Фасоля, кавуны, капуста, гарбузы – агулам мужчына вырошчвае каля 30 культураў, усё расце без пестыцыдаў і хімічных угнаенняў. А некалькі дзясяткаў сланечнікаў мужчына высадзіў адмыслова, каб прывабіць птушак.

Уся прадукцыя ягонай гаспадарки мае адмысловы сертыфікат «Арганік»: сертыфікат экалагічна чыстай прадукцыі, распаўсюджаны ў Еўразвязе. У нашай краіне такі сертыфікат маюць каля 20 вытворцаў. Летась у Беларусі прынялі закон аб вытворчасці арганічнай прадукцыі. Менш як праз два месяцы ён набудзе моц.

«Напрыклад, еўрапейскі закон – гэта такая кніга каля 200 старонак. У нас закон – гэта некалькі старонак. І вось гэтую колькасць законаў трэба напрацаваць, і мы чакаем, што гэта будзе зроблена», – кажа Лана Сяменас з установы «Аграэкакультура».

Закон акрэслівае агульныя паняцці і ўводзіць беларускую сертыфікацыю арганічных прадуктаў. Але да з’яўлення нацыянальнага сертыфікату давядзецца яшчэ пачакаць.

«Працэс утварэння сертыфікацыйных установаў досыць доўгі, і ў Беларусі цяпер няма прафесійных сертыфікатараў. Яшчэ трэба навучыць адмыслоўцаў, каб яны працавалі ў гэтай галіне», – кажа Лана Сяменас з установы «Араэкакультура».

Пакуль усе гаспадаркі, што вырабляюць экалагічна чыстую прадукцыю, маюць сертыфікаты з установаў замежных краінаў, часцей за ўсё – Літвы, Латвіі, Нямеччыны і Польшчы.

Глядзіце рэпартаж Насты Кахановіч у поўным выданні навінаў за 4 верасня

Фермерская гаспадарка «СідCад» вядомая сваймі ягадамі, найперш дурніцамі. Намесніца гаспадаркі Алена Сідарава вітае прыняцце закону, але не спадзяецца на хуткія змены.

«Нейкіх яўных пераменаў канешне я не адчуваю і я думаю, што яны будуць не хутка і гэта ўсё вельмі доўгія працэсы. Не хапае менавіта добрых арганічных выкладчыкаў. З практыкай. У нас пачатак, адкуль ім узяцца? Гэта натуральна», – мяркуе Алена Сідарава.

Фермерская гаспадарка «СідСад» мае 60 гектараў зямлі. Усю прадукцыю яны рэалізуюць у Беларусі. Але шмат якія пакупнікі ўсё яшчэ не разумеюць, што такое экалагічна чыстыя харчы.

Самы вядомы сертыфікат арганічных прадуктаў – арганік. Выглядае ён як вось такі зялёны ліст, пры гэтым «BY» азначае краіну паходжання, а «170» – код арганізацыі, якая праводзіла сертыфікацыю. Прадукты з такім сертыфікатам адпавядаюць патрабаванням Еўразвязу да вядзення арганічнай сельскай гаспадаркі. А вытворцы мусяць штогод пацвярджаць экалагічнасць уласнай вытворчасці.

Наста Кахановіч, «Белсат»