Аб'ектыў 25.05.2019 Фермеры прыдумалі, як зрабіць хатнія прадукты папулярнымі


У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музею Беларусі сабраліся гаспадары 25 сялянскіх падворкаў і фермерскіх гаспадарак з усіх рэгіёнаў краіны, каб прэзентаваць харчы ўласнай вытворчасці.

«Што вам прапанаваць? Я б прапанавала вам тварог, яйкі, сала – усё, што мы робім, тут ні хіміі, ні кансервантаў – нічога», кажа Наталля Дзюзева, вёска Мікулічы, Дзяржынскі раён, уласная гаспадарка.

«Самае любімае, што я раблю, – гэта мармелад. Выглядае ён вось так: гэта сок са свайго саду, натуральны згушчальнік агар-агар і падсалода», кажа Ларыса Гаўрылец уласная гаспадарка «Смачна, здорава», Бараўляны, Менскі раён.

Рэпартаж Галіны Абакунчык глядзіце ў поўным выданні навінаў за 25 траўня

«Арэхавую муку змешваем з мёдам, маслам – і атрымоўваецца халва», – кажа Алена Тарасікава, сямейная мануфактура «Наша масла», вёска Самахвалавічы.

«Самае смачнае – гэта малако. Натуральнае, ад коз – проста казачнае. І ўся прадукцыя ад іх», – кажа Таццяна Уварава, вёска Чачкава, Менскі раён.

Свята роднай ежы – перадусім гэта дэгустацыя нацыянальных страваў, а таксама канцэрт беларускіх музыкаў, якія сустракалі шматлікіх наведнікаў.

Імпрэза мела на мэце паказаць багацце і каштоўнасць нацыянальнай кухні, каб беларусы часцей абіралі «ўсё сваё».

«Веданне свайго: сваіх густаў, сваіх традыцый – гэта пачатак усяго. Нельга штосьці пабудаваць якаснае, калі не маеш фундаменту. Таму мы тут – за ўсё сваё», – кажа Ксенія Вяцкая, арганізатарка свята роднай ежы «Усё сваё».

Фэст роднай ежы таксама мае падтрымліваць прыватныя вясковыя гаспадаркі, і арганізатары – а гэта фермерская супольнасць «Усё сваё» – плануюць зрабіць яго традыцыйным. Гэта была пакуль толькі другая імпрэза «Усё сваё».

Галіна Абакунчык

Глядзі таксама
Каментары