Ферма ў Занарачы звезла гной да лесу і жыжа пацякла ў балаціну


Гнойная жыжа цячэ наўпрост у лес і балаціну – гэтак мясцовая ферма распарадзілася з адкідамі з кароўніку. Мясцовыя жыхары занепакоеныя, што брудная вада трапляе ў водазабор і крыніцы, якія сілкуюць возера Нарач. Выправіць сітуацыю спрабавалі абваламі, але дажджы працягваюць размываць смуродную кучу.

З абыякавым стаўленнем да наваколля сутыкнуўся жыхар вёскі Занарач Мядзельскага раёну, ідучы ў чарніцы і дурніцы. Паводле мужчыны, гнойная жыжа, вывезеная на пашу, сцякала ў лес, а адтуль у балаціну і рачулку, што працякае праз тэрыторыю Нацыянальнага парку Нарачанскі ды ўпадае ў возера Нарач.

«Усе добра ведаюць вызначэнне гэтага месца для экалагічнага значэння Нарачы. Усе жыхары кажуць: «Хахаха, павесілі карону на Нарач, а гэту карону аблажылі гаўном», – распавядае мясцовы жыхар і краязнаўца Яўген Антановіч.

Па дапамогу ў развязанні праблемы Яўген Антановіч звярнуўся да мясцовага эколага Станіслава Таспаева. Той у сваю чаргу паведаміў пра сітуацыю ў дзяржаўныя прыродаахоўныя органы.

«Выклікаў усе інспекцыі, якія ў нас ёсць, тры: адна пры прэзідэнту, другая – раённая і інспекцыя з Нацпарку. Пры прэзідэнту вельмі парадавалі, яны адразу ж імгненна прыляцелі, недзе праз 15 хвілінаў, практычна з аднаго канца возера на другі канец. Малайцы! Адразу ж усё гэта зафіксавалі», – зазначае каардынатар ініцыятывы «Зялёны дазор» па Мядзельскім раёне Станіслаў Таспаеў.

На месца прыехалі і прадстаўнікі фермы з тэхнікаю, каб зрабіць зямельны вал і спыніць сцяканне гною ў ваду.

«Трактарыст, як бачыце, адпрацаваў добра, але ж праз нядзелю, як пайшлі дажджы, вы бачыце, што сталася. Фактычна прарвана гэта «дамба», і рэшткі гною зноў сцякаюць у гэта балотца», – кажа мясцовы жыхар.

Паводле Уладзіміра Лемянтовіча, кіраўніка Мядзельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, за забруджванне ляснога фонду распачалі працэс у дачыненні юрыдычнай асобы. Артыкул 15.30 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях прадугледжвае папярэджанне ці накладанне штрафу на юрыдычную асобу да 8100 беларускіх рублёў.

«Прыязджала лабараторыя, узялі пробы. На працягу двух тыдняў будуць толькі рабіцца аналізы. Пакуль чакаем аналізаў лабараторыі, ад гэтага будзе разлічвацца шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, і прымацца далейшыя дзеянні», – тлумачыць міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімір Лемянтовіч.

У сваю чаргу мясцовыя актывісты і жыхары рыхтуюць пісьмовыя звароты ў інспекцыю, каб у будучым не дапусціць шкоды наваколлю.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»