Ферма працуе, грошай няма: як ратуюцца ад голаду жыхары вёскі Забароўе

Ферма працуе, грошай няма: Ад назвы вёскі Забароўе, што на Лепельшчыне, засталіся толькі тры літары – бар. Аднак мясцовым не да забаваў. Працаўнікі фермы чакаюць заробку… за студзень:

«Вось сёння чакаем: будзе, не будзе?»

«Зарплату нам не плацяць два месяцы. Шматдзетная сям’я, трое дзяцей. Ходзім, грошы пазычаем, так і жывем».

Людзям працоўным пазычаць даводзіцца ў… пенсіянераў:

«Пенсіянерам плацяць своечасова. Якое чысло – такога і прывозяць».

Ратуе вяскоўцаў ад голаду хіба толькі ўласная гаспадарка:

«Бульба ёсць, значыць, будзем жыць».

«Жыць жа трэба неяк. Вось такія справы».

Кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства «Чарэйшчына», да якога адносіцца ферма «Забароўе», затрымкі заробкаў тлумачыць цяжкім фінансавым становішчам гаспадаркі праз запазычанасці перад вытворцамі.

«Мы крэдытаваліся за зіму на 370 тысяч. Пашавы сезон быў упушчаны. Там, дзе была вытворчасць малака без якіх-небудзь укладанняў, дзе трэба было атрымліваць рэальную выручку, такога не было. Таму заробак пастаянна авансаваўся», – гаворыць дырэктар ААТ «Чарэйшчына» Яўген Судаленка.

Паводле рэестру юрыдычных асобаў, таварыства «Чарэйшчына» неплацежаздольнае амаль год і падлягае фінансаваму аздараўленню. Пакуль жа грошай бракуе не толькі на заробкі. Адключылі электрычнасць, і кантора гаспадаркі вымушаная… адбіраць яе ў мясцовага Дому культуры.

«Ды ў нас і ацяпленне адключана ў адміністрацыйным будынку. Тут у бухгалтэрыі таксама. Таму ўявіце, што такое адсядзець цэлы дзень. Зранку, асабліва калі сонца няма, халодна вельмі», – распавядае галоўны бухгалтар ААТ «Чарэйшчына» Ірына Голубева.

Сітуацыя з нястачаю абаротных сродкаў знаёмая шмат якім гаспадаркам раёну. У чым прычына: сельская гаспадарка не ўмее зарабляць грошай ці кошты на прадукцыю нізкія?

«Адно цягне другое. Вытворчасць прадукцыі няякаснай, то і выручка будзе малая. І з чаго плаціць той жа заробак?», – кажа эканамістка Марыя Тупека.

Сёння заробак працаўнікам фермы зноў не выплацілі. Хоць і абяцалі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: Viktor Drachev/TASS

Глядзі таксама