Фемінізм – жаночыя правы праз жаночую адказнасць

Мінула больш за чатыры стагоддзі, як на чале з Еўфрасінняй Полацкай на беларускай зямлі рушыла праца над гендарным раўнапраўем. Здаецца, у інфармацыйным грамадстве гэтае мэты дасягнулі. Аднак дыскусія вакол прыуіскання жаночых правоў працягваецца. Узначальваюць яе феміністкі.

Дзяржава гарантуе роўнасць правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна незалежна ад расы, полу… Паклаўшы руку на сэрца, магілёўцы прызнаюцца:

«Напэўна нагрузку нясуць аднолькавую мужчыны і жанчыны ў грамадстве, але за гэта, як мне падаецца, атрымліваюць не аднолькавае ўзнагароджанне».

«У нас толькі на словах у дзяржаве жанчына мае падобныя правы, як мужчына».

«Няма ніякага гендарнага раўнапраўя’я. Не было і не будзе».

«Гэта больш залежыць ад саміх людзей. У адсоткавым параўнанні не скажу, але пераважна ў нас лічаць жанчын роўнымі».

Калі сфармуляваць наадварот «Ці лічыце мужчынаў роўнымі жанчынам?», – пытання могуць не зразумець. А тыя, хто ў тэме дыскусіі пра гендарную роўнасць, узгадаюць пару прыкладаў з дыскрымінацыяй мужчын, маўляў, тыя служаць у войску і супраць іх могуць ужыць вышэйшую кару. Замест службы ў войску жанчына нясе іншую службу – кажа феміністка, кіраўніца «Гендарных перспектываў» Ірына Альхоўка:

«Усе мамы ў доўгім адпачынку за дзіцём кажуць, што я ўжо адчуваю сябе тупой, адрэзанай ад свету, мне неабходны выхад у свет. Але для гэтага нехта мае вызваліць жанчыну ці ўзяць на сябе частку ейнай працы».

Партнёрства на справе, не толькі на словах…У медыях і сацыяльных сетках тэма гендарнай роўнасці пачала ўздымацца часцей, чымся раз на год – 8-га сакавіка – кажа феміністка і блогерка Наста Захарэвіч:

«Калі ў нас, напрыклад, няма закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, зразумела што ў нас будзе больш актыўнасцяў, накіраваных у гэты бок. У нашым грамадстве людзі пакуль з большага не бачаць вялікай праблемы, што мужчыны не ходзяць у дэкрэтны адпачынак, напрыклад, ці ходзяць вельмі мала. Праблема ўздымаецца, але не настолькі актыўна».

У Беларускім фемінізме яна вылучае тры акцэнты: Пытанні хатняга гвалту і вулічнай агрэсіі, няроўная аплата працы жанчын і нізкая кар’еравая столя, і трэцяе – рэпрадуктыўныя правы. Затое актыўна распаўсюджваюцца стэрэатыпы пра фемінізм, існаванне якіх адцягвае ўвагу ад вырашэння патрэбных пытанняў. Наста Захарэвіч кажа:

«Стэрэатыпы самыя розныя, пачынаючы ад абавязкова няголеных ног, абавязкова каляровых падпахаў, ці… што феміністкі ненавідзяць мужчынаў і будуюць сваю дзейнасць вакол гэтага. Хоць гэта смешна. Фемінізм у прынцыпе не пра мужчынаў!»

Феміністкі мусяць адно параўноўваць свае парушаныя правы з мужчынскімі, каб паказаць праблему. Фемінізм прымае, што мужчынскі і жаночы погляды на пэўныя тыповыя сітуацыі адрозніваюцца і эфект маюць розны.Таму замест вінаваціць адно аднаго ў «крывым» бачанні, можна імкнуцца да ўзаемаразумення і разам шукаць мадэль, якая задаволіць абодва бакі. Бо… фемінізм не цвердзіць, што жаночы погляд адзіны правільны. Ён кажа – роўны мужчынскаму.

За што змагаюцца адныя, таго не бачаць другія і не прымаюць трэція:

«Жанчына мусіць быць крыху вось так – за плячыма мужчыны, хаця ў сучасным грамадстве атрымліваецца інакш – трэба працаваць, нараджаць дзяцей, расціць іх».

«Цяпер ужо роўныя, хоць мужчына заўжды галоўны мусіць быць».

«Напэўна баяцца браць адказнасць».

Нежаданне быць роўным тлумачыцца адным сказам: «Не жадаюць браць на сябе адказнасць». А менавіта з яе пачынаецца рост асобы ва ўсіх вымярэннях – фізічным, духоўным, інтэлектуальным і сацыяльна-эмацыйным.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама