Беларуская міліцыя не адважылася перашкаджаць фанатам «Зеніта»


Адчувалі сябе як дома, хоць былі ў гасцях. Паводзіны фанатаў расейскага «Зеніту», які з разгромным лікам прагуляў менскаму «Дынама» на аднайменным стадыёне, выклікалі абурэнне менчукоў. Але найбольш беларусы дзівіліся бяздзейнасці міліцыі.

Абразы, забароненыя фаеры, петарды, перакрыты рух ды нуль рэакцыі ад міліцыі – імпрэза расейскіх фанатаў у цэнтры беларускай сталіцы нібыта афіцыйна была дазволеная Менгарвыканкамам.

«Гэта проста імпрэза – для жыхароў гораду, для нас, проста стварыць шоу – зрабіць свята футболу», – кажа фанат «Зеніту».

Прыгоды заўзятараў піцерскага «Зеніту» працягнуліся і на 20-тысячным стадыёне «Дынама».

Кідалі фаеры, махалі імперскім сцягам ды зламалі некалькі шэрагаў крэслаў на адкрытым месяц таму пасля рэканструкцыі стадыёне.

Гэтаксама разгромна і прагуляў іхны «Зеніт» у трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы УЕФА.

Чатыры – нуль! Гэтак буйна «Зеніт» не прагульваў у еўракубках цягам 29 гадоў! Да таго ж гэта першая параза расейскага клубу ў еўратурнірах, якую ён атрымаў ад беларусаў.

«Зеніт» праявіў абуральны непрафесіяналізм, прыехаўшы ў Менск за лёгкаю перамогай ці нічыёй, плануючы закончыць справу на сваім полі. Але ж «Дынама» – гэта не цацка, і яны сапраўды могуць паказваць вынік», – кажа Аляксандр Пуціла, спартовы аглядальнік «Белсату».

Каб змякчыць горыч паразы ды захаваць горад, са стадыёну піцерскіх фанатаў выпускалі невялічкімі групамі. Аднак без затрыманняў не абышлося. За «дробнае хуліганства» і «распіццё алкагольных напояў» склалі 16 пратаколаў – 14 на расейцаў, 2 атрымалі беларусы.

«У выніку выразных і зладжаных дзеянняў працаўнікоў міліцыі правапарадак быў забяспечаны ў поўным аб’ёме, надзвычайных здарэнняў на стадыёне і прылеглай тэрыторыі не зафіксавана. Пагрозаў грамадскай бяспецы ды іншых правапарушэнняў, звязаных з правядзеннем матчу, выяўлена не было», – гаворыцца ў паведамленні ГУУС Менгарвыканкаму.

А вось – стаўленне беларускай міліцыі да сваіх, мірных грамадзянаў. Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў кажа, што больш лаяльнае стаўленне ўладаў Беларусі да замежнікаў абумоўленае жаданнем выглядаць перад імі лепш, чым усё ёсць насамрэч.

«Ясна, чаму не было загаду: мала таго, што замежнікі, дык яшчэ і расейцы. Канфлікт, скандал мог быць з двух бакоў», – адзначае Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода».

Але ж і падвойныя стандарты, і тое, што фанаты пазбеглі адказнасці за свае дзеянні, абурае большасць апытаных намі менчукоў.

Жыхары Менску:

«Бо гэтак сябе паводзіць – ну проста непрыгожа, проста непрыгожа.

«Калі б так зрабілі фанаты менскага Дынама, мы ўсе ведаем, чым бы гэта скончылася».

«Не хацелі разбірацца, мець справы з амбасадаю. Вось і не чапалі. Сваіх прасцей прэсаваць».

«Напэўна, баяцца нейкай рэакцыі з боку ўраду Расеі, а мы ад Расеі залежныя».

«Міліцыя – бяспраўныя людзі, што ім кажуць, тое яны і робяць».

Што праўда, заплаціць за зламаныя крэслы піцерцам усё ж давядзецца. Але менчукі не шкадуюць. Гэта нішто – у параўнанні з такою перамогай.

Заўзятары «Дынама»:

«Ад Дынама такога ніколі не чакаў».

«Гульня вельмі цудоўная, шыкоўная! Даўно такой гульні не бачыў».

«Не верылі ў такую перамогу! Мы трапілі ў казку».

«Мы змаглі, мы гэта зрабілі! Мы найлепшыя!»

Сцяпан Святлоў, «Белсат»