Фан-клуб байкатуе гульні «зуброў»


Пачатак восені – традыцыйная пара для старту новага сезону ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Не выключэннем стаў і сёлетні верасень, калі распачаўся ўжо 13 розыгрыш лігі. Як уплывае каронавірусная інфекцыя на наведвальнасць «Менск-Арэны» і чаму фан-сектар менскага «Дынама» байкатуе гульні сваёй улюбёнай каманды?

Запланаванага маляўнічага адкрыцця сезону КХЛ на «Менск-Арэне» не адбылося. Свінню падклаў фінскі «Ёкерыт», які коштам тэхнічнай паразы ў выніку не прыляцеў у нашую сталіцу на матч з «Дынама», зазначыўшы, што цяпер «не найлепшы час для хакею ў Беларусі». Пасля гэтага «зубры» правялі ўжо два матчы, выгуляўшы 5:4 у «Барыса» і саступіўшы 3:4 «Салавату Юлаеву».

Чарговым хатнім двубоем значылася сустрэча з «Ак Барсам», якую па-ранейшаму байкатуе фан-клуб «BYzone» і не збіраецца вяртацца на трыбуны.

«Мы не можам падтрымліваць той клуб, які актыўна лезе ў палітыку, да выбараў яшчэ. Больш за тое, пасля таго, што адбываецца пасля выбараў, мы проста не можам прыходзіць на сектар. Хакеісты ўсё выдатна разумеюць», – тлумачыць лідар фан-клубу «BYzone» Дзмітрый Расіцкі.

Аднак, як кажуць, быў бы куст, а варона знойдзецца, – і праблему хутка вырашылі. На месцы былых, сапраўдных фанаў ужо сядзяць курсанты МНС. Пачаткоўцы падмены не заўважаць, але для сталых наведнікаў «Менск-Арэны» розніца з фанатамі «BYzone» відавочная.

«Хакеісты таксама ўсё адчуваюць і разумеюць. Разумеюць, калі сапраўдныя фанаты за іх заўзеюць, калі людзі заўзеюць ад усяго сэрца, ці калі папрасілі супрацоўнікаў МНС, ці яшчэ кагосьці прыйсці пакрычаць. Гэта тое ж самае як зганялі школьнікаў на матчы, яны два перыяду прысутнічаюць, а потым сыходзяць», кажа журналіст «Прэсболу» Сяргей Южык.

Паспрабавалі падчас перапынку асабіста паразмаўляць з новай тарсідай. У выніку не атрымалася. Адзіны гэтак званы фанат усё ж застыў на месцы на некалькі секундаў. У кулуарнай размове даведаліся, што ім забаранілі размаўляць з прэсай. Іншыя заўзятары ахвотна ішлі на кантакт.

«Калі ўсё так будзе працягвацца, прыйдзе і вопыт да маладых пацаноў, я думаю ўсё будзе ў парадку. Я веру ў гэтую каманду, менавіта цяпер трэнер Вудкрафт набраў добрых гульцоў», – распавядаюць заўзятары.

Улічваючы рэкамендацыі ў сувязі з каронавірусам, арэна запаўняецца не цалкам, на матчы з «Ак Барсам» было крыху больш за 4 тысячы чалавек. Хакеісты парадавалі дзевяццю закінутымі шайбамі, аднак «зубры» саступілі 4:5. Прэс-канферэнцыя з-за ковіду толькі праз «Зум».

«Лічу, што першы перыяд быў вельмі роўны і па ліку, пасля другога перыяду зʼявіліся шанцы, мы дамінавалі, але правалілі пачатак трэцяга перыяду», – зазначае нападнік менскага «Дынама» Кірыл Варонін.

«Ак Барс» на працягу двух перыядаў пастаянна даганяў «Дынама» у ліку, аднак паспеў зрабіць працу над памылкамі. Пераможная шайба на рахунку Станіслава Галіева.

«Крыху памянялі шэрагі, пагаварылі ўнутры распранальні перад другім перыядам, сказалі, што трэба выцягваць гэтую гульню, праяўляць характар ​​і пабольш кідаць», падзяліўся нападнік «Ак Барсу» Станіслаў Галіеў.

У сераду стала вядома, што Міхаіл Грабоўскі будзе толькі асістэнтам у Вудкрафта і пакідае пасаду спартовага дырэктара «Дынама». Нашую хакейную федэрацыю ўзначаліў Дзмітрый Баскаў, з-за гэтага ён вырашыў зняць з сябе паўнамоцтвы генеральнага дырэктара «зуброў».

«Хто такі Баскаў, я не ведаю навогул. Калі б яго Лукашэнка не паставіў нейкім гэтым, то я не ведаю такога хакеіста. Ён там Коле шнуркі завязваў, так што з таго. Ён і цяпер сядзіць з ім на трыбуне. Я не ведаю ў якой там школе Коля вучыцца ў Маскве, але ён сядзіць на трыбуне тут», – канстатуе адзін з заўзятараў.

Напрыканцы, рэцэпт ад Сяргея Южыка на тэму, як «Дынама» сёлета можа трапіць у плэй-оф КХЛ.

«Калі да нас перыядычна не будуць заязджаць каманды, можа мы тады і Кубак Гагарына возьмем. Разумееце, ніхто да нас не прыязджае, ім 5:0 залічваюць, а мы ўсё рухаемся і рухаемся наперад, выгуляем серыю, а потым і станем уладальнікам Кубка Гагарына», – распавёў Сяргей Южык.

Пасля матчу ўзнагародзілі капітана «зуброў» канадца Роба Клінкгэмэра, які правёў у КХЛ двухсоты матч. «Дынама» ж пакуль займае сёмы радок табліцы на Захадзе, а далей адпраўляецца ў выязное турнэ – супернікі «Спартак» і «Віцязь».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат»