Аб'ектыў 18.02.2019 «Фабрыка думак» пры Лукашэнку


Ад аналізу ўнутранай і замежнай палітыкі – да барацьбы з інфармацыйнымі атакамі. У Беларусі неўзабаве з‘явіцца Інстытут стратэгічных даследаванняў пры Лукашэнку. Стварыць структуру – замест цяпер існага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта – пастанавіў непасрэдна кіраўнік краіны. А што грамадзянам: радавацца ці мацней асцерагацца айчыннай «фабрыкі думак»?

Бяспеку ў звычайным грамадстве забяспечвае ахова ды абсталяванне. У інфармацыйнай прасторы – гэта больш складаная праца – збор інфармацыі ды аналітыка. Інфармацыйную бяспеку кіраўнік Беларусі назваў пытаннем нумар адзін. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Прапагандаваць нам асабліва тут не трэба. Але весці змаганне за свае прынцыпы, прапагандаваць нашую краіну і ўздымаць ейны імідж – трэба. І супрацьстаяць (асабліва ў СМІ) тым атакам, якія робяцца на Беларусь, а яны часам з розных бакоў прадпрымаюцца, мы мусім умець».

Дагэтуль у процідзеянні інфармацыйнай прапагандзе не было адзінага адказнага органу. Ініцыятывы з боку афіцыйных медыяў былі адзінкавыя і сімвалічныя. Як гэтая карыкатура газеты «Савецкая Белоруссия» у абвастрэнне стасункаў з Масквою. Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Калі ж было апошняе абвастрэнне адносінаў, мы бачылі ў тэлесправаздачах, як Аляксандр Лукашэнка зняпраўджваў нейкія выказванні, зробленыя расейскімі калегамі. Пасля гэтага быў «Клуб рэдактараў», на якім гэтае пытанне нават не паўстала».

Дайшло да таго, што кіраўніку краіны давялося лезці ў бойку. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Беларусы ў Менску б’юць нібыта рускіх. Калі сталі разбірацца, 2 дурні, беларусы, сутыкнуліся і пабіліся».

Фэйк – частка нашага жыцця – кажуць менчукі:

«Я не магу адрозніць так проста ілжывую інфармацыю ад праўдзівай, таму на ўсялякі выпадак не веру аніводнай».

«У сац-сетках увесь час з гэтым сутыкаешся, бо няма ніякага кантролю».

Цяпер будзе. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў падпарадкоўваецца непасрэдна Лукашэнку. Будзе сачыць за інфармацыйнымі плынямі, а высновы лягуць на чынавенскія сталы. Інфармацыйна-аналітычны цэнтр, які працаваў пры Адміністрацыі Прэзідэнта, зліквідавалі.

«Ёсць і не толькі ў мяне пэўныя сумневы, аднак і спадзевы, што паўстане моцны і адносна аўтаномны экспертны цэнтр», – Пётр Рудкоўскі, дырэктар BISS.

Інстытут ствараецца, каб рабіць уласную аналітыку, у тым ліку сацыялагічныя даследаванні. Быць так званым «мазгавым цэнтрам», на ўзор еўрапейскіх. Ягоныя працаўнікі – мусяць мець навуковыя ступені. Дырэктар экспертнай платформы распавёў, як будзе весці змаганне з фэйкавымі навінамі.

«Супрацьстаяць гэтым пагрозам трэба праз узважанае і адказнае напаўненне інфармацыйнай прасторы тым разуменнем падзеяў, якое ёсць у людзей, якія прафесійна займаюцца тэмай і заслугоўваюць даверу», – Алег Макараў, дырэктар БІСД.

«Супрацьстаяць гэтым пагрозам трэба праз узважанае і адказнае напаўненне інфармацыйнай прасторы тым разуменнем падзеяў, якое ёсць у людзей, якія прафесійна займаюцца тэмай і заслугоўваюць даверу».

Абы не працягвалі працаваць па-старынцы – кажа дырэктар незалежнага Інстытуту Стратэгічных даследаванняў. Пётр Рудкоўскі:

«Постсавецкая спадчына была такая што процідзеянне дэзынфармацыі палягала на стварэнні новай дэзынфармацыі. Змаганне з прапагандай рабілася праз стварэнне новай прапаганды».

Супрацьстаяць будзе каму. «Маладая Гвардыя »Адзінай Расеі« стварае пул аўтараў, якія будуць адстойваць »пазіцыю партыі« у інтэрнэце і сацыяльных сетках. Сярод задач БІСД пільнаванне пагрозаў таксама з Захаду… Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт:

«Калі ён сапраўды будзе актыўна займацца ўнутранаю палітыкай у Беларусі, будзе нагадваць працу Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў, які вельмі моцна паўплываў на змену медыя-поля ў Расеі».

Пасля вайны ў Грузіі яны выдалі, што «ліберальныя расейскія медыі стралялі ў спіну расейскім жаўнерам». Патрыятычна настроеныя прадпрымальнікі перасталі набываць незалежныя медыі, што значна звузіла іх уплыў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары