Еўропа перастане дараваць уладам Беларусі узмацненне рэпрэсіяў


Лукашэнка пераконвае Захад, што ён ёсць адзіным гарантам незалежнасці Беларусі. Аднак ці даруе яму міжнародная супольнасць парушэнні правоў чалавека дзеля захавання незалежнасці краіны? Ды ці засталіся незаўважанымі крымінальныя справы прафсаюзаў і незалежных медыяў?

Што важнейшае: незалежнасць Беларусі або грамадзянскія свабоды? Улады Беларусі пачалі новую кампанію супраць грамадзянскай супольнасці. Аднак крытыкі з боку Захаду не чуваць. Як доўга заходнія ўрады будуць маўчаць? Адказу на гэтае пытанне шукалі эксперты на канферэнцыі АБСЕ, якая праходзіць у Варшаве. Як паведамілі арганізатары, на дыскусію «Беларусь – рэпрэсіі за фасадам «лібералізацыі» меліся прыехаць журналісты парталу TUT.BY і інфармагенцтва БелаПАН, а таксама лідары незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці. Аднак прыбыць у Варшаву яны не змаглі, бо застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе. Усё гэта добра ілюструе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Андрэй Бастунец, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«Акрамя «справы БелТА» ёсць іншыя праблемы, якія нас непакояць. Гэта крымінальныя справы супраць блогераў, гэта штрафы журналістам за працу без акрэдытацыі. Дарэчы, яны датычаць збольшага журналістаў тэлеканалу «Белсат». І ўвогуле сітуацыя з медыямі даволі напружаная».

У параўнанні з мінулым годам нязначна палепшылася толькі сітуацыя з затрыманнямі ўдзельнікаў масавых акцыяў пратэсту. Аднак толькі таму, што саміх акцыяў пратэстаў стала менш, чым у бурлівым 2017-м. Каментуе Алесь Бяляцкі, Праваабарончы цэнтр «Вясна»:

«Прэсінг аказваецца на грамадскіх і палітычных актывістаў, на актывістаў грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзных дзеячаў. Усе кірункі грамадзянскіх свабодаў у Беларусі пад ціскам з боку ўладаў, і тэндэнцыі не паляпшаюцца».

Рэпрэсіі не спыняюцца, але прадстаўнікі Еўрапейскага Звязу заяўляюць, што віталі б паездкі кіраўніцтва Беларусі на Захад. У час, калі Расея анексуе землі суседзяў і вядзе супраць іх баявыя дзеянні, Аляксандру Лукашэнку ўдалося пераканаць Захад, што ён гарантуе незалежнасць і мір Беларусі. Дэйвід Марплз, Албэрцкі ўніверсітэт, Канада:

«Лукашэнка хоча захаваць незалежнасць, але ўзнікае пытанне: якога кшталту гэтая незалежнасць мае быць? Гэта незалежнасць дэмакратычнай свабоднай дзяржавы або незалежнасць аўтарытарнай краіны? Калі вы хочаце нейкіх зменаў у будучыні, нельга забывацца пра пытанні правоў чалавека».

Аднак сказаць, што заходнія краіны забыліся пра парушэнні грамадзянскіх правоў у Беларусі, будзе няпраўдай. Пацверджанне гэтага – высокая цікавасць да беларускай праблематыкі на штогадовай канферэнцыі АБСЕ. Уладзімір Кобец, Беларускі дом у Варшаве:

«Беларусь заўсёды згадваецца, таму што мы – першая краіна, якая стаіць паміж Еўрапейскім Звязам і Расеяй. І калі нешта дрэннае будзе адбывацца, то будзе адбывацца перш за ўсё ў Беларусі».

Бясконца дараваць узмацненне рэпрэсіяў уладам Беларусі не будуць. Чырвонай лініяй, на думку адмыслоўцаў, стануць новыя палітычныя зняволеныя. Незалежнасць аўтарытарнай дзяржавы – гэта ўсяго толькі незалежнасць правадыра, а не краіны і яе насельнікаў. Яна не можа быць трывалай. І гэта зусім не тая незалежнасць, якой дабіваліся беларускія грамадскія дзеячы ў1991 годзе, – зазначаюць эксперты.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM

Відэа: president.gov.by