Еўропа не прызнала беларускія выбары і... здыме санкцыі?


Менская Коласаўская акруга № 106. Афіцыйна выбары там адбыліся і абраны дэпутат. Апазіцыйны кандыдат Ігар Барысаў кажа пра фальсіфікацыю вынікаў галасавання і прапануе пакараць спраўцаў візавымі санкцыямі ў зоне Шэнген.

«Складу гэты спіс і на кожнай сустрэчы з дыпламатамі буду яго паказваць і лабіяваць яго, таму што на Коласаўскай выбарчай акрузе паводле падліку нашых назіральнікаў яўка склала 42,7 %, афіцыйна – 64,2 %», – абяцае Ігар Барысаў.

Гэтак усе 110 дэпутацкіх мандатаў размеркавалі паміж сабою прыхільнікі дзейнай улады. Рэкордная яўка – у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласцях:

«Я нават не ведаю, што гэта за людзі. Нас проста завялі з каледжу і сказалі галасаваць».

«Як скажуць зверху, так і будзе, таму гаворкі пра справядлівасць весці няма сэнсу».

«Я прыйшла а 17:30 галасаваць, а спісы былі амаль пустыя. То адкуль тыя адсоткі?»

«Мне падаецца – усё нармалёва, бо як інакш? Людзі ішлі галасаваць, былі назіральнікі».

Калі азнаёміцца са справаздачамі гэтых назіральнікаў – з кампаніяў «Права выбару», «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а таксама місіі БДІПЧ АБСЕ – выбары не прызналі сумленнымі. Група кандыдатаў ад незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» напісалі заявы ў ЦВК, што вынікаў падліку галасоў не прызнаюць і патрабуюць паўторнага галасавання.

А Цэнтр «Еўрапейскі дыялог» правёў паслявыбарчую дыскусію, з якой прагучала і супольнае пасланне:

«Усе арганізацыі, за выключэннем «Гавары Праўду», сказалі, што галоўнае ў гэтай кампаніі было казаць беларусам пра дэмакратычныя сумленныя выбары і пра незалежнасць Беларусі. Гэта кансэнсус. Другою задачаю, якая ставілася, было не дапусціць легітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

Асабліва падчас датэрміновага галасавання назіральнікі назбіралі процьму доказаў непразрыстасці, на ўчасткі выклікалі міліцыю, складалі заявы аб завядзенні крымінальных справаў на сябраў камісіі. Сёння Дзярждэпартамент ЗША, а днём раней Аб’яднаная Еўропа назвалі выбары праведзенымі несумленна і нязгодна з сусветнымі стандартамі.

З заявы Еўрапарламенту:

«Гэтыя выбары зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў. Выбарчае заканадаўства выкарыстоўвалася ў некаторых выпадках, каб пазбавіць іншадумцаў голасу. Напрыклад, дзвюм незалежным дэпутаткам Палаты Прадстаўнікоў забаранілі балатавацца зноў, пазбавіўшы апазіцыю прадстаўніцтва ў парламенце».

Не прызнаць – адно, пакараць адказных за злоўжыванні – іншае. У стасунках Менску і Бруселю – пацяпленне, калі пра санкцыі і вядзецца, то пра зняцце ўведзеных раней. Мая Кацыянчыч, Еўрапейская служба знешнепалітычнай дзейнасці, кажа:

«Мы абавязаныя падтрымліваць стабільную, дэмакратычную, суверэнную і квітнеючую будучыню Беларусі і будзем надалей працаваць дзеля гэтае мэты. Мы назіралі пэўныя станоўчыя крокі ў краіне ў мінулыя гады».

Еўразвяз паабяцаў сачыць за хадою прэзідэнцкіх выбараў-2020, якія раіць правесці пасля рэформы выбарчага заканадаўства. Гэта каментуе Яўген Афнагель, актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Калі апазіцыя будзе адпавядаць гэтым чаканням, яна пераможа. Перамагчы Лукашэнку можна ў наступным годзе, таму што абсалютная большасць насельніцтва супраць яго».

Прага пераменаў прывядзе беларусаў на прэзідэнцкія выбары, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч:

«Гледзячы па тым, наколькі негатыўную ацэнку сёння даюць дзейнасці ўлады і прэзідэнта, на рэальных выбарах цяпер яму будзе перамагчы вельмі праблематычна».

Паводле ацэнак міжнароднай супольнасці, рэальныя выбары у незалежнай Беларусі праводзілі толькі раз – калі ўпершыню абралі дзейнага кіраўніка.

Юлія Цяльпук belsat.eu