Еўропа можа павялічыць фінансавае падтрыманне афіцыйнага Менску


Еўразвяз хоча пашырыць фінансаванне праектаў у Беларусі. Еўракамісар па справах бюджэту і чалавечага патэнцыялу наведаў Менск. З чым звязана такая шчодрасць?

«Праблемы ў нас заўсёды былі і, напэўна, будуць. Але, як паказаў апошні час, усе праблемы не носяць хранічнага характару, яны падлягаюць развязанню», – абстрактна заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка.

А падавалася б, цяжка назваць іначай напружаныя дачыненні, санкцыі ды нават выезд з краіны амбасадараў еўрапейскіх дзяржаваў у 2012-ым годзе. Еўракамісар у адказ і вокам не міргнуў, заявіўшы, што цяпер фармуецца бюджэт Еўразвязу на бліжэйшыя 10 гадоў. Адвядуць у ім месца і краінам «Усходняга партнёрства».

Хранічных праблемаў у дачыненнях няма, кажа кіраўнік Беларусі, а Еўразвяз ужо анансаваў інвестыцыю на больш як мільярд еўраў у інфраструктуру нашае краіны. На што яшчэ еўрапейцы гатовыя патраціцца дзеля «надзейнага партнёра» Аб’яднанай Еўропы, якім сябе называе Лукашэнка?

Партнёр надзейны да таго часу, пакуль еўрапейцы не ўзгадваюць пра правы чалавека, вольныя выбары ды іншыя традыцыйныя беларускія болевыя пункты. Грошы ж укладаць Захад гатовы.

«Звязаныя з крэдытаваннем малога і сярэдняга бізнесу, з праектамі, завязанымі на разбудову інфраструктуры. Магчыма, рэгіянальныя праекты, звязаныя з супрацоўніцтвам з мясцовымі ўладамі, звязаныя з дэцэнтралізацыяй», – зазначае Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі.

Для больш надзейнага ўлівання сродкаў афіцыйны Менск мае падпісаць з Еўразвязам дамову аб палітычнай супрацы, пра якую вядзецца ўжо не першы год. Праваабаронцы, якія таксама сустракаліся з еўракамісарам, настойваюць на ўлучэнні ў дамову пунктаў аб правах чалавека.

«Прынамсі я так ставіў пытанне, што калі Еўрапейскі Звяз збіраецца аказваць дапамогу Беларусі, яна павінна быць абумоўленая пэўнымі ўмовамі. Гэта не павінны быць дадзеныя грошы, якія ўлада патраціць, затыкаючы свае дзіркі ў бюджэце», – гаворыць Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна».

Тым не менш некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што, нягледзячы на ўсе палітычныя супярэчнасці ці нават на пратэсты Літвы ў сувязі з будоўляю БелАЭС, Еўразвяз і так прафінансуе значныя беларускія праекты, бо…

«…зацікаўлены ў бяспецы, у тым ліку, у сацыяльна-эканамічнай бяспецы ўсяго рэгіёну, куды ўваходзіць і Беларусь», – лічыць Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі.

Падчас сустрэчы Лукашэнка ўзгадаў і старыя мэты ў справе дыверсіфікацыі беларускага знешняга гандлю:

«З Еўрапейскім Звязам мы б мелі 30–35 % ад усяго аб’ёму замежнага гандлю, 30 % у нас застанецца на Расею і 30 % – на астатнія краіны нашае планеты».

Але вялікага развіцця ў гэтым важным для эканамічнай незалежнасці кірунку не назіраецца. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «ALPARI»:

«На долю Расеі ў Беларусі прыходзіцца стабільна каля 50 % замежнага гандлю. Усё астатняе ідзе на рэшту свету, у тым ліку і ЕЗ».

Цалкам магчыма, што неўзабаве Еўразвяз будзе гатовы значна павялічыць сваё падтрыманне для афіцыйнага Менску. Але ці прынясуць еўрапейскія грошы прынамсі частку правоў і свабодаў беларускім грамадзянам? Пытанне хутчэй рытарычнае.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu