Еўропа мае падрыхтавацца да другой хвалі COVID-19


Ужо цяпер у Вялікай Брытаніі ў шпіталі трапляюць дзеці з дзіўнымі сіндромамі, якія могуць быць праявай COVID-19.

«Дзіўны сіндром запалення, нечым падобны на сепсіс, нечым – на хваробу Каўасакі, выклікае запаленне крывяных судзінаў. Цяпер не вельмі зразумела, ці ёсць тут сувязь з Ковід-19. У некаторых дзяцей, што здалі тэсты, вынік тэсту станоўчы, у іншых – не», – распавяла Соўмія Суамінатхан, галоўны навуковец Сусветнай арганізацыі здароўя.

Італьянскія ўлады, між тым, ад змякчэння каранціну не адмаўляюцца. Ад панядзелка там запрацуюць музеі, кавярні, гандлёвыя цэнтры і салоны прыгажосці.

А з 3-га чэрвеня дазволяць уезд турыстаў з Еўразвязу без абавязковага каранціну. Паводле колькасці смерцяў ад Ковід-19 Італія па-ранейшаму – трэцяя ў свеце, аднак за мінулы дзень гэты паказнік – 153 – дасягнуў мінімуму з 9-га сакавіка.

«Мы сутыкаемся са свядомай рызыкай. Я мушу выразна прызнаць, што стрыманы цяпер эпідэміялагічны ўзровень можа пайсці ўгару. Нашыя прынцыпы і каштоўнасці – перадусім абарона жыцця і здароўя грамадзянаў. Гэтыя прынцыпы не падлягаюць абмеркаванню, і мы ўжо іначай сустрэнем другую хвалю хваробы», – кажа прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

У свеце інфікаваных Ковід-19 больш за чатыры мільёны шэсцьсот асобаў. Найбольш хворых – амаль паўтара мільёна – у Злучаных Штатах. Больш за чвэрць мільёна – у Расеі, і амаль столькі ж – у Вялікай Брытаніі.

Між тым, каронавірусная інфекцыя магла нанесці меншы ўдар здароўю і эканоміцы свету. У інтэрв’ю CNN адзін з вядучых эпідэміёлагаў Кітаю распавёў, што падчас усплёску захваральнасці ва Ўу-Хані ўлады замоўчвалі маштаб хваробы.

«У той час мясцовыя ўлады не хацелі казаць праўду. З самага пачатку яны маўчалі, і тады я сказаў, што, імаверна, у нас большая колькасць інфікаваных людзей», – распавёў Чжун Нань Шань эпідэміёлаг камісіі для барацьбы з каронавірусам Дзяржаўнай камісіі здароўя КНР.

У Беларусі ж лічба хворых на Ковід-19 – паводле афіцыйнай статыстыкі – набліжаецца да 30 тысяч чалавек. Колькасць выпадкаў інфікавання за содні зноў перавысіла 900.

Між тым айчыннае Міністэрства аховы здароўя ўжо даўно не каментуе сітуацыі журналістам – апошняя прэс-канферэнцыя адбылася месяц таму. У фармаце ж без пытанняў журналістаў медычныя чыноўнікі выступалі 24 красавіка.

Юлія Лабанава, «Белсат»