Еўропа кажа спыніць забойствы. Лукашэнка бярэ іх на кантроль


Хвіліна маўчання, спачуванні блізкім гвалтоўна забітага і безліч заяваў на адрас сілавікоў і Лукашэнкі… у Беларусі і за яе межамі. Супрацоўнікі прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі заявілі, што Раман Бандарэнка – яшчэ адна незамяняльная страта ў змаганні краіны за дэмакратычную будучыню і запатрабавалі наказаць забойцаў. Адкуль пачулі галасы салідарнасці і як можам уплываць на дзеянні «войска» Лукашэнкі?

Беларусы, якія не на радзіме, у тым ліку з-за рэпрэсіяў, прыйшлі сёння з кветкамі, знічамі і сцягамі да амбасадаў Беларусі. Салідарныя з Вільні кажуць:

«У Беларусі забіваюць людзей у дварах, проста так. Чалавека могуць выхапіць з натоўпу, а ўвечары павезці ў морг».

«Я так жорстка скажу, што сярод фашыстаў былі людзі. Тое што сёння адбываецца, гэта сапраўдны СС».

Лічба затрыманых пад час мірных акцыяў за тры месяцы перавысіла 17 тысячаў чалавек. Хапаюць на праспектах, у крамах, пад’ездах, і ў дварах… Шмат хто са збітых быў на валаску ад смерці, – нагадвае старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Усе гэтыя выпадкі патрабуюць вельмі сурʼёзных разбіральніцтваў, але мы бачым, што ёсць палітычны сігнал з боку Лукашэнка, які сказаў, што тым, хто дакранецца да міліцыі, мы паадбіваем рукі. І фактычна гэта такі непрыхаваны сігнал на ўсёдазволенасць».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» усклаў вінаватасць за новую палітычную смерць на сілавыя органы і асобаў, якія аддаюць загады.

З ініцыятывы Эстоніі, Бельгіі, Нямеччыны, Францыі і ЗША ў Радзе Бяспекі ААН абмеркавалі беларускі крызіс, заклікалі нелегітымную ўладу спыніць гвалт і правесці сумленныя выбары. Прадстаўнік Эстоніі Свэн Юргенсан згадаў папярэдняе паседжанне рады ў справе Беларусі двухмесячнай даўніны:

«На жаль, з таго часу сітуацыя не палепшылася. Наадварот, узмацніўся гвалт, мы чулі пра новыя выпадкі катаванняў, гвалтоўных знікненняў, сексуальнага гвалту і іншых злачынстваў і зневажанняў».

На пачатку лістапада 16 краінаў чальцоў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе перадалі ў Камітэт правоў чалавека АБСЕ незалежную справаздачу са сведчаннямі фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня і доказамі масавых рэпрэсіяў пасля галасавання.

Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі чакае адказу Еўропы, і заклікае да празрыстага расследавання жорсткіх дзеянняў сілавікоў. Пасля чарговай трагічнай навіны былы амбасадар Літвы ў Беларусі, міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус у твітэры напісаў:

«Шакаваны смерцю Рамана Бандарэнкі. Мае самыя глыбокія спачуванні ягонай сямʼі і сябрам. Раману было ўсяго 31 год. Неімаверны цынізм, жорсткасць рэжыму і тупое ігнараванне ім памкненняў людзей да пераменаў».

Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен унесла беларускае пытанне ў гэтак званы пакет хуткага рэагавання.

«Беларусы просяць дэмакратыі! Напружанасць у Нагорным Карабаху зноў узрасла, і атручэнне Аляксея Навальнага ўяўляе сабой яшчэ адно парушэнне міжнароднага права расейскім кіраўніцтвам. У гэтыя месяцы Еўрапейскі Звяз заняў выразную пазіцыю па ўсіх гэтых падзеях. І я лічу, што цяпер прыйшоў час на рашучыя дзеянні», – заклікала спадарыня Урзуля.

Лукашэнка ж сёння ў сваім чатырохгадзінным інтэрвʼю шэрагу замежных СМІ і тэлеканалу АНТ назваў мірныя пратэсты «спробаю неканстытуцыйнага перавароту», абвінаваціў замежных палітыкаў у недакладным ацэньванні сітуацыі і выказаў спачуванні бацькам Рамана Бандарэнкі:

«Гэтая праблема будзе раскручвацца, таму трэба расследаваць. Сумленна і аб’ектыўна расследаваць.А сёння раніцаю, паколькі ўсе сталі вінаваціць міліцыю ў чарговы раз, я патэлефанаваў генпракурору генералу Шведу і сказаў – «Вазьміце пад сур’ёзнейшы кантроль гэтую крымінальную справу».

Першую крымінальную справу за больш як тры месяцы забойстваў, збіцця, здзекаў і гвалту над мірнымі дэманстрантамі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»