Еўропа дапамагла Лукашэнку адпомсціць за пратэсты?


Шэсць гадоў таму справа праваабаронцы Алеся Бяляцкага выклікала міжнародны скандал. Дзеяча дэмакратычнага руху прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі за нібыта ўхіленне ад падаткаў. Інцыдэнт адбыўся пасля таго, як Літва і Польшча перадалі беларускаму боку звесткі пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага.

Адкуль улады маюць банкаўскія звесткі прафсаюзаў?

Новая справа паводле такога ж артыкулу супраць актывістаў Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка выклікае асноўнае пытанне: адкуль гэтым разам Камітэт дзяржаўнага кантролю атрымаў звесткі? У спісе імаверных крыніцаў Літва і Польшча. «Белсат» вырашыў спраўдзіць.

«Адказваючы на ваш запыт, інфармуем, што Беларусь не звярталася ў Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі адносна згаданых асобаў. Міністэрства юстыцыі атрымлівае з Беларусі запыты падаць інфармацыю аб рахунках грамадзянаў гэтай краіны ў банках Літвы. Але такая інфармацыя Беларусі не перадаецца, а згаданыя запыты вяртаюцца Беларусі», – адказалі нам у Міністэрствэ юстыцыі Літвы.

Польшча пакуль не дала адназначнага адказу

У заяве Генеральнай пракуратуры краіны гаворыцца, што «Вашыя пытанні перасланыя з просьбаю падрыхтаваць адказы. Яны будуць неадкладна высланыя вам, як толькі будуць падрыхтаваныя».

Справа Фядыніча і Комліка пакідае пакуль больш пытанняў, чымся адказаў.

З якіх яшчэ краінаў магла прыйсці інфармацыя пра банкаўскія рахункі прафсаюзу РЭП? Адказ на гэтае пытанне ўскладняе той факт, што фінансавая міліцыя не агучыла, пра якія крыніцы вядзецца. Карціну следства можна будаваць пакуль на здагадках. Паводле актывістаў прафсаюзу, у крымінальнай справе можа фігураваць літоўскі рахунак, але яго закрылі шэсць гадоў таму, пасля затрымання Алеся Бяляцкага.

«На колькі я ведаю ад людзей, ім не прэдʼяўлялі ніякіх дакументаў, нічога не паказвалі. У іх ёсць нейкія аператыўныя дадзеныя. Яны тут слухалі нас, сачылі за намі. У іх ёсць нейкія паперы, які нават не датычаць гэтых падаткаў. Яны нічога не маюць», – пераконвае прававы інспектар прафсаюзу РЭП Юрый Белякоў.

На чым тады будуецца следства?

Актывісты прафсаюзу ды іншыя прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці лічаць яго помстаю за дзейнасць суполкі, а дакладней за масавыя пратэсты, якія ўвесну ахапілі ўсю краіну.

Калі дойдзе да суда, Генадзю Фядынічу ды Ігару Комліку будзе пагражаць да сямі гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Апошні працягвае заставацца за кратамі. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі лічаць Ігара Комліка палітзняволеным.

Ян Бабіцкі, «Белсат»