Еўропа чакае ад Гуаідо прызначэння даты датэрміновых выбараў


Канфлікт у Венесуэле выходзіць па-за межы не толькі дзяржавы, але і кантыненту. Еўропа афіцыйна прызнала лідара апазіцыі часовым прэзідэнтам і чакае ад яго прызначэння даты датэрміновых выбараў. Дзейны кіраўнік краіны Мадура пагражае грамадзянскай вайной.

Краіны Еўразвязу пачалі прызнаваць кіраўніка парламенту Венесуэлы Хуана Гуаідо часовым прэзідэнтам краіны. На цяперашні момант з такімі заявамі выступілі Аўстрыя, Брытанія, Данія, Іспанія, Латвія, Францыя і Швецыя. Пэдра Санчэс, прэм’ер-міністр Іспаніі:

«Урад Іспаніі паведамляе, што афіцыйна прызнае кіраўніка Нацыянальнага сходу Венесуэлы Хуана Гуаідо ў якасці часовага прэзідэнта Венесуэлы».

Жан-Іў ле Дрыян, кіраўнік МЗС Францыі:

«Мы лічым, што сёння старшыня Нацыянальнага сходу, спадар Гуаідо, легітымнасць якога цалкам прызнаная, мае магчымасць абвесціць пра прэзідэнцкія выбары».

Напярэдадні завяршыўся васьмідзённы тэрмін, які шэраг еўрапейскіх краінаў прызначылі дзейнаму кіраўніку Венесуэлы Нікалясу Мадура на тое, каб ён абвесціў пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Але Мадура ўльтыматум адхіліў і заклікаў Захад не ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, прыгразіўшы грамадзянскаю вайною:

«Усё залежыць ад градуса вар‘яцтва і агрэсіўнасці паўночнай імперыі і ейных заходніх саюзнікаў».

Гэтак кіраўнік Венесуэлы адрэагаваў на заявы, зробленыя напярэдадні Доналдам Трампам. Кіраўнік Белага Дому ў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу не выключыў умяшання амерыканскіх войскаў у венесуэльскі канфлікт:

«Я не хацеў бы гэтага казаць, але гэта застаецца адным з варыянтаў».

Раскрытыкавала заявы прэзідэнта Злучаных Штатаў і афіцыйная Масква. МЗС Расеі, якое ў гэтым канфлікце падтрымлівае рэжым Мадура, заклікае бакі сесці за стол перамоваў і прапаноўвае свае паслугі ў якасці пасярэдніка. Сяргей Лаўроў, міністр замежных спраў Расеі:

«Мы будзем адстойваць міжнароднае права, будзем падтрымліваць ініцыятывы, з якімі выступаюць асобныя лацінаамерыканскія краіны, у прыватнасці, Мексіка і Уругвай, скіраваныя на стварэнне ўмоваў для агульнанацыянальнага дыялогу з удзелам усіх палітычных сілаў Венесуэлы».

Аднак, у выпадку эскалацыі канфлікту, Расея не застанецца ўбаку. Масква, на думку экспертаў, будзе дзеяць супольна з Пекінам. Алег Матвейчаў, палітолаг:

«Ёсць магчымасць падагнаць туды флот, узяць пад кантроль парты, заводы для здабычы нафты, забяспечваць гуманітарную дапамогу, прывоз харчоў. Гэта ўсё можа быць надзвычай стратным, але гэта кампенсуецца той самай нафтай».

Бакі венесуэльскага канфлікту працягваюць змагацца за кожны голас. Нікаляс Мадура ладзіць вайсковыя манеўры і мабілізуе вакол сябе грамадства. Але з большым поспехам гэта ўдаецца ягонаму апаненту. У суботу па ўсёй краіне прайшлі мірныя дэманстрацыі апазіцыі – толькі ў Каракасе сабраліся больш за 100 тысяч удзельнікаў. Пра пераход на бок Хуана Гуаідо абвесціў генерал ваенна-паветраных сілаў Венесуэлы Франсіска Я́ннес. Апазіцыйныя сілы не збаўляюць тэмпу і анансуюць новыя масавыя пратэсты.

Дзяніс Шпігаў, belsat.eu

Фота: EFE / Miguel Gutierrez / FORUM