Еўропа адкрываецца, у ЗША – пратэсты


Усё больш краінаў у свеце адмяняюць частку каранцінных абмежаванняў. У Паўднёвай Карэі пасля месяца суворага каранціну ўлады адкрылі паркі і зоны грамадскага адпачынку. Пры захаванні высокіх стандартаў санітарыі адкрыцца могуць прыватныя вучэльні і бары. Дазволена нават гуляць у камандныя гульні: пры ўмове, што яны адбываюцца без гледачоў. Новыя правілы будуць дзеяць да 5 траўня, пасля чаго ўлады пастановяць, ці можна здымаць наступныя абмежаванні.

Пак Нынг Ху, міністар аховы здароўя Паўднёвай Карэі:

«Я прашу вас і надалей выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыявання, каб усе высілкі дзеля абароны нашых семʼяў ды нашага грамадства не былі марнымі».

Не зважаючы на рэкордную для Польшчы дзённую колькасць новых інфікаваных – 545 асобаў, зафіксаваную ўчора, з сёння ў нашай заходняй суседцы зноў адкрытыя паркі і лясы. У крамах і месцах рэлігійнага культу адначасова могуць перабываць большая колькасць асобаў. Такія паслабленні будуць дзеяць з сёння яшчэ ў шэрагу еўрапейскіх краінаў – Нямеччыне, Чэхіі, Францыі ды Нарвегіі, дзе нават адчыняцца дзіцячыя садкі. Аўстрыя, якая першай у Еўропе змагла пераламаць сітуацыю з каронавірусам, рыхтуецца да адкрыцця турыстычнае галіны яшчэ ў траўні. Але добрая навіна не выклікае аптымізму ў прадстаўнікоў бізнесу.

Ёганес Эбнер, уласнік гатэлю:

«Сітуацыя для нас катастрафічная. Цяжка планаваць нешта на будучыню. Нам кажуць, што ўжо 15 траўня мы зможам ізноў працаваць, але мы дасюль не ведаем, на якіх умовах».

Італьянскі бізнес толькі марыць пра нават такі, абмежаваны, аўстрыйскі варыянт вяртання турыстычнае галіны да працы. У Італіі пік захваральнасці на «Ковід-19» ужо мінуў, але лічба новых інфікаваных штодня трымаецца на ўзроўні трох тысячаў. Бізнес-асацыяцыі папярэджваюць: толькі ў адным рэгіёне Эмілья-Рамання страты прадпрымальнікаў у 2020 годзе складуць прыблізна два мільярды еўраў.

Сімонэ Мантычэллі, уласнік гатэлю:

«Самае важнае – уратаваць сезон. Нават нейкі скарочаны варыянт, з нейкай больш позняй даты, але важна яго захаваць».

У Злучаных Штатах, дзе лічба інфікаваных ужо большая за 750 тысячаў, а колькасць смерцяў большая за 40 тысячаў, нарастае напружанне паміж уладамі, якія ўвялі каранцін, і амерыканцамі, якія патрабуюць яго хутчэйшай адмены. Пакуль у ахопленым інфекцыяй Бостане людзей заклікаюць не выходзіць на вуліцы. У Вашынгтоне, Дэнвэры, Фініксе ды іншых гарадах пратэстоўцы выходзяць з патрабаваннем змякчыць рэжым самаізаляцыі.

Удзельніца пратэсту ў Арызоне:

«Надышоў час, калі ўлады мусяць дазволіць нам, дарослым, прымаць рашэнні адносна нашага бізнесу. Хтосьці хоча адкрыцца? Калі так – няхай адкрываюцца. Калі людзі хочуць карыстацца паслугамі такіх фірмаў – няхай карыстаюцца. Трэба працягваць практыку сацыяльнага дыстанцыявання, але мы хочам, каб бізнес працаваў».

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пераконвае, што перамовы з апазіцыйнаю партыяй дэмакратаў амаль завершаныя ды новы пакет захадаў для стымуляцыі эканомікі і дапамогі прадпрымальнікам падпішуць неўзабаве.

На поўдзень панядзелка колькасць зарэгістраваных у свеце асобаў з каронавіруснай інфекцыяй наблізілася да двух з паловаю мільёнаў, з чаго 636 тысячаў вылекаваліся, а 166 тысячаў памерлі ў выніку хваробы.

Ігар Кулей, «Белсат»