Еўразвязу – 60 гадоў. Еўрапейцы змагаюцца за выжыванне ўніі


На гэтых выходных, пакуль у Беларусі адбываліся рэпрэсіі, у Абʼяднанай Еўропе адзначалі юбілей. 60 гадоў таму 6 краінаў падпісалі Рымскую дамову, дакумент аб ліквідацыі перашкодаў на шляху вольнага перамяшчэння людзей, тавараў і капіталу.

Еўрапейцы адзначылі гадавіну мітынгамі і шэсцямі – як еўраскептыкаў, гэтак і еўрааптымістаў. У якім стане еўрапейская інтэграцыя пасля абвяшчэння Брэкзіту, і чаго чакаць далей?

Афіцыйна Брэкзіту яшчэ няма

Ён пачнецца толькі паслязаўтра, калі брытанская прэмʼер-міністр фармальна паінфармуе астатнія краіны аб сыходзе з Абʼяднанай Еўропы. А сёння Тэрыза Мэй ужо змяніла рыторыку на больш мяккую: Вялікая

Брытанія застанецца партнёрам і саюзнікам Еўразвязу, проста не такім блізкім.

«Мы стаім на парозе значнага моманту, калі пачынаем перамовы, якія прывядуць нас да новага партнёрства з Еўропаю. І гэта не будзе значыць, што Брытанія адыдзе ад усяго свету. Больш за тое, мы скарыстаемся гэтаю магчымасцю, каб стварыць больш глабальную Брытанію», – аптымістычна зазначыла прэмʼер-міністр.

Словы прагучалі перад сустрэчай з прэмʼер-міністрам Шатландыі

Парламент гэтай дзяржавы, што ўваходзіць у Вялікую Брытанію, на заўтра прызначыў дэбаты аб новым рэферэндуме аб незалежнасці ад Лондану, каб застацца ў Еўразвязе самастойна.

Кошт дэзынтэграцыі будзе высокі не толькі для Брытаніі

Паводле эканамістаў, апытаных агенцыяй Блумбэрг, калі ў Францыі прэзідэнтам стане Марын Ле Пэн, еўра будзе каштаваць менш за долар. Ультраправая антыглабалістка напярэдадні паабяцала прыхільнікам поўны распад Еўразвязу.

«Еўрапейскі Звяз памрэ, бо ён больш не патрэбны людзям. Фанабэрыстым гегемоніям суджана знікнуць з твару Зямлі», – упэўненая Ле Пэн.

Французам не спадабалася сустрэча ультраправай лідаркі з Пуціным

Аднак, паводле сацыялагічных апытанняў, пасля маскоўскай сустрэчы з Пуціным Марын Ле Пэн страціла некалькі адсоткаў у рэйтынгу, і пакуль саступае асноўнаму суперніку Эмануэлю Макрону. Адмыслоўцы адзначаюць, што і ў Францыі, і ў іншых краінах Заходняй Еўропы падтрымка папулістаў-еўраскептыкаў пачала спадаць.

«Да росту папулізму прывялі эканамічныя праблемы і незадаволенасць грамадства няўдалымі спробамі ўрадаў пераадолець эканамічныя крызісы. Таму мы мусім больш інвеставаць у эканоміку, у росквіт і развіццё краінаў», – даводзіць эксперт па еўраінтэграцыі Бэнджэта Дзакарыя.

Еўропа кажа «не» нацыяналістам

Раней на галандскіх парламенцкіх выбарах не перамог ультраправы Хээрт Вілдэрс. А на нямецкіх рэгіянальных выбарах у зямлі Саар, што адбыліся ў нядзелю, перамагла партыя Ангелы Мэркель, а папулісты з «Альтэрнатывы для Нямеччыны» засталіся ў меншасці. Нават Балгарыя зноўку выбрала курс на еўраінтэграцыю – на датэрміновых выбарах у парламент перамагла праеўрапейская партыя ГЕРБ.

«Сяброўства Балгарыі ў Еўразвязе – гэта найлепшае, што здаралася з намі», – супакоіў прыхільнікаў ЕЗ Бойка Барысаў, лідар ГЕРБ.

Цяпер ідзе выпрацоўка новай стратэгіі

Галоўнае пытанне: ці гэта будзе Еўропа розных хуткасцяў інтэграцыі, падзеленая на клубы краінаў?

«У нас у Еўразвязе ўжо ёсць розныя краіны з рознымі статусамі: некаторыя ўваходзяць у зону еўра, некаторыя – у Шэнгенскую зону, а некаторыя – не», – тлумачыць Борут Пахар, прэзідэнт Славеніі.

Так што свае 60 гадоў Еўразвяз сустракае бадзёра, і выкарыстоўвае крызісы, як спосаб узмацніцца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Mateusz Wlodarczyk / Forum / Zuma Press