Аб'ектыў 24.07.2019 Еўразвяз прывёз грошы на паляпшэнне сістэмы ачысткі вады ў Беларусі


Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, і з гэтым тэзісам згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банку (ЕІБ) Вазіл Гудак. У Менск ён прыехаў з грашыма на мадэрнізацыю нашай гаспадаркі. Ці падштурхне Еўразвяз рэформы ў Беларусі?

110 мільёнаў еўраў на разбудову трасы з Менску да Вільні і 66 мільёнаў на паляпшэнне сістэмы ачысткі вады – крэдыты на гэтыя мэты Беларусі дае Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Падпісаць адпаведныя пагадненні прыехаў віцэ-прэзідэнт банку, былы міністр эканомікі Славаччыны Вазіл Гудак:

«Два пагадненні, якія я падпішу сёння з уладамі Беларусі, давядуць агульную колькасць нашых праектаў у Беларусі да 4. За менш, чым два гады працы ў Беларусі, агульны памер фінансавання нашых праектаў у Беларусі вырасце да 335 мільёнаў еўраў».

Два гады таму ў лістападзе Еўрапейскі інвестыцыйны банк ужо пазычыў Менскводаканалу 84 мільёны еўраў на рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў. «Белаграпрамбанк» і «Беларусьбанк» разам атрымалі 75 мільёнаў еўраў на крэдыты для малога бізнесу.

Томас Тамасаўскас, аддзел крэдытавання ЕІБ:

«Найбольш крэдытаў атрымалі прадпрыемствы прамысловасці. Вялікую частку – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а таксама сфера гандлю».

Развіццё прыватных фірмаў, мадэрнізацыя чыгункі, ЖКГ, энергетыка ды экалогія – на гэтыя мэты Еўрапейскі інвестыцыйны банк будзе выдаваць крэдыты Беларусі. Сёння Вазіл Гудак абмеркаваў супрацу з кіраўніком Нацбанку Паўлам Калаурам. Той уразіў шчырасцю, якую зрэдку чуем ад урадавай вертыкалі:

«Ён заявіў, што цяперашні ўзровень эканамічнага росту – гэта максімум, што нашая эканоміка можа выдаць пры цяперашняй яе структуры. Калі Беларусь хоча расці большымі тэмпамі, вышэйшымі, чым цяперашнія 2-2,8 адсотка, яна павінна пайсці на важныя структурныя змены», – скаментаваў Вазіл Гудак, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банку.

Змены – гэта прыватызацыя прыбытковых дзяржаўных прадпрыемстваў і паступовае закрыццё стратных – растлумачыў у каментары для «Белсату» спадар Гудак. Каб рэформы былі хутчэйшыя і менш балючыя, Еўрапейскі інвестыцыйны банк гатовы даць экспертаў і падзяліцца тэхналогіямі.

«Казаць пра тое, што гэтыя гранты і гэтая дапамога развяжуць эканамічныя праблемы Беларусі, – не выпадае. Але значную частку інфраструктуры, эфектыўнасць працы пэўных дзяржаўных органаў, сферы паслугаў у Беларусі гэта дапаможа палепшыць», – мяркуе Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Рада Еўразвязу дазволіла выдаваць грошы ўраду Беларусі 3 гады таму – на хвалі пацяплення адносінаў. Адначасова Брусель змяніў прыярытэты фінансавай дапамогі грамадскім арганізацыям, адзначае палітолаг Андрэй Ягораў:

«Грошай беспасярэдне на правы чалавека, незалежныя медыі, развіццё дэмакратыі няма. Больш укладаецца ў сацыяльна-эканамічнае развіццё, а ў гэтых сферах незалежным структурам складана кааперавацца з дзяржаўнымі структурамі. Таму ўсе незалежныя арганізацыі адчуваюць крызіс фінансавання».

Еўрапейскі інвестыцыйны банк – не адзіная ўстанова Еўразвязу, якая пачала даваць грошы Менску. Як паведаміла ў лютым Еўракамісія, на мадэрнізацыю чыгунак і дарогаў найбліжэйшыя 10 гадоў Беларусь атрымае з фондаў «Усходняга партнёрства» 1 мільярд 200 мільёнаў еўраў.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары