Еўразвяз не верыць у Лукашэнку


Еўразвяз не чакае ад афіцыйнага Менску крокаў па паляпшэнню выбарчага заканадаўства, а час, адведзены на змены ў Канстытуцыю, Лукашэнка наўрад ці выкарыстае для гэткіх захадаў, лічыць кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязям з Беларуссю Богдан Здраеўскі. Аднак у ЕЗ пазітыўна ацэньваюць перспектывы супрацы з Беларуссю.

Грэкзіт, брэкзіт, крызіс з мігрантамі, пагроза тэрарызму, анексія Крыму і вайна на Данбасе. Пяць гадоў Еўропе было не да Беларусі, бо існавалі свае, уласныя праблемы, падзяліўся меркаваннем з агенцтвам БелаПАН кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі. І хоць сёння ў Бруселі ніхто ад Менску цудаў не чакае, дэпутаты перакананыя, што прагрэс можа ісці хутчэй.

«Няма пазіцыі ЕЗ адносна Беларусі. Няма кансэнсусу. А калі няма кансэнсусу паміж 28 сябрамі Еўразвязу, то яны нічога і не робяць фактычна», – кажа палітолаг Андрэй Ягораў.

І хоць летась афіцыйны Менск пайшоў на бязвізавы рэжым з грамадзянамі ЕЗ ды іншых краінаў, беларусы пакуль не дачакаліся нават змяншэння кошту на шэнгенскія візы. Паводле Здраеўскага, у тармажэнні гэткіх працэсаў вінаватыя ўлады Беларусі, бо свае абавязкі перад дамовамі з ЕЗ яны выканалі толькі на 30 адсоткаў.

«Ёсць прагрэс рытарычны, але ніякіх зменаў няма. Гэта асноўная характарыстыка сітуацыі і, напэўна, далей гэтых сістэмных зменаў не будзе. А гэта значыць, што аніякага сістэмнага сутнаснага прагрэсу ў дачыненнях Беларусі з боку ЕЗ не будзе», – лічыць Ягораў.

«Беларусь застанецца сам-насам з Расеяй»

Агулам жа, паводле дэпутата Богдана Здраеўскага, у Еўрапарламенце існуюць два падыходы да Беларусі. Адныя мяркуюць, што галоўнае, каб Лукашэнка не ствараў ніякіх праблемаў Еўропе. Іншыя – што кіраўнік Беларусі мог бы перайсці да больш шырокага дыялогу з ЕЗ: дазволіць спрошчаную рэгістрацыю палітычных партыяў і рухаў, правесці частковую прыватызацыю, амаладзіць урад. Апошняму, падкрэслівае еўрадэпутат, перашкаджае не толькі нежаданне Лукашэнкі нешта змяняць, але і правакацыі з боку Расеі.

«Гэта нейкія спробы паказаць, што Беларусь пад ціскам з боку Еўрапарламенту, што Еўрапарламент нібыта ставіць нейкія жорсткія ўмовы для працягу дыялогу. Гэта робіцца, каб разарваць навязаныя кантакты. Але вынікам разрыву можа стаць тое, што Беларусь застанецца сам-насам з Расеяй», – кажа Здраеўскі.

Разарваць жа дачыненні з усходняю суседкаю не ўдасца не толькі таму, што Беларусь залежыць ад Масквы ў эканамічным плане.

«Мы нікуды не сыдзем ад суседства з Расеяй, таму мы не можам з ёю сварыцца. Бо калі мы з ёю пасварымся, нас чакае лёс Данбасу», – мяркуе метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Пра наладжаную супрацу з Захадам днямі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюз» хваліўся і міністр замежных справаў Уладзімір Макей, распавядаючы пра распрацаваны Нацыянальны план дзеянняў у галіне правоў чалавека. Што праўда, на практыцы сітуацыя выглядае па-іншаму: улады Беларусі выкарыстоўваюць гадамі выпрацаваную схему арыштаў, збіцця і пераследу, у тым ліку журналістаў нашага тэлеканалу. Аднак усе гэтыя цяжкасці, як адзначае Здраеўскі ў тым жа інтэрвʼю БелаПАНу, толькі загартоўваюць «Белсат» і робяць яго мацнейшым.

Віталь Бабін, «Белсат»