Еўразвяз лічыць выбары ў Беларусі сфальсіфікаванымі, а Лукашэнку – нелегітымным прэзідэнтам,


Еўразвяз лічыць выбары ў Беларусі сфальсіфікаванымі, а Лукашэнку – нелегітымным прэзідэнтам, заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў пытаннях замежнай палітыкі Жузэп Бурэль падчас паседжання Еўрапарламенту. Там сёння абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі.

«З нашага гледзішча, новыя выбары пад наглядам АБСЕ былі б найлепшым выйсцем з гэтай сітуацыі. Але дасюль не было магчымасці звязацца з уладамі Беларусі на любым узроўні. Сітуацыю ўскладняюць мэтанакіраваная рашучасць Лукашэнкі захаваць уладу і ўсё большае падтрыманне з боку Масквы», – заявіў Жузэп Бурэль.

Жузэп Бурэль абвесціў, што Еўракамісія вылучыць 53 мільёны еўраў на дапамогу ахвярам гвалту ў Беларусі. Абяцаюць і падтрыманне незалежных медыяў.

«Быў больш-менш кансэнсус: людзі з усіх палітычных групаў, ад левых (я не кажу пра камуністаў, бо ў камуністаў заўсёды адрознае меркаванне) і нават самыя правыя казалі тое, што мы кажам тут заўсёды: Лукашэнка павінен сысці», – кажа дэпутатка Еўрапарламенту Раса Юкнявічыене.

Еўрапейскія санкцыі супраць беларускага рэжыму могуць быць узгодненыя ўжо 24-га верасня. Раней паведамлялі, што Еўразвяз падрыхтаваў спіс з чатырох дзясяткаў беларускіх чыноўнікаў, якім забароняць уезд у Еўразвяз. Палітолаг Валер Карбалевіч думае, што ўвядзенне санкцыяў адкіне дачыненні Беларусі з Еўропаю на ўзровень 2011 года:

«Гэта азначае вельмі моцнае скарачэнне камунікацыяў паміж Бруселем ды еўрапейскімі сталіцамі і Менскам, а таксама скарачэнне супрацы. Скарачэнне эканамічных грантаў, якія давалі еўрапейскія фінансавыя арганізацыі: Еўрапейскі банк развіцця, Еўрапейскі банк інвестыцыяў».

На сённяшняе паседжанне некаторыя еўрадэпутаты прыйшлі ў адзенні колеру беларускага нацыянальнага сцяга ці ў адмысловых масках. А пасля дэбатаў далучыліся да акцыі, якую зладзілі беларусы ля будынку Еўрапарламенту.

«Еўрапарламент павінен стаяць на варце свабоды і дэмакратыі ў краінах, якія мяжуюць з Еўразвязам. Польшча і Літва – суседзі Беларусі, і мы будзем нагадваць у Еўрапарламенце пра свабоду для тых, хто сядзіць у турмах Беларусі, і пра свабоду для ўсёй Беларусі», – лічыць дэпутат Еўрапарламенту Рышард Чарнэцкі.

Рэзалюцыю ў беларускім пытанні Еўрапарламент мае прыняць паслязаўтра. Сёння ж заяву адносна Беларусі прыняла Вярхоўная Рада Украіны. Кіеў падтрымлівае ўвядзенне міжнародных санкцыяў супраць адказных за фальсіфікацыі ды гвалт, а таксама заклікае ўлады Беларусі да дыялогу з грамадствам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»