Еўразвяз дасць 900 тысяч еўраў, каб ратаваць каштаны ў Беларусі


Еўразвяз спрабуе ўратаваць жыццё каштанаў. Амаль мільён еўраў вылучаюць на ратунак гэтых дрэваў, што растуць у літоўскіх Друскеніках і беларускай Горадні.

Больш за дзве тысячы каштанаў у Горадні пад пагрозай знішчэння! Дрэвы пакутуюць ад нашэсця балканскай каштанавай молі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«З вясны яны, здаецца, добрыя, а потым ужо каля сярэдзіны лета адразу бачна, што яны хворыя».

«Каштаны сапраўды хварэюць, і яны вельмі рана пачынаюць жаўцець, лісце ападае, і ёсць праблемы ў гэтым».

«Я бачыла, што ў нашым горадзе праблемы з каштанамі, і не толькі я гэта бачыла, і калі нехта аб гэтым паклапоціцца, то ўсе гараджане будуць вельмі ўдзячныя», – выказваюцца гарадзенцы.

Дапамагчы сродкамі мае Еўразвяз. У межах праекту «Эфектыўныя экалагічныя рашэнні на прыгранічных тэрыторыях» ён выдаткоўвае амаль 900 тысяч еўраў на абарону каштанаў ад балканскай каштанавай молі ў Горадні ды Друскеніках.

«Моль гэтая – невялікі матыль начны, які адкладае яйкі з ніжняга боку лістоў, і ёсць вусені, якія харчуюцца ў целе ліста. Ліст паступова цямнее, засыхае, і дрэвы пачынаюць скідваць лісце раней, чым маглі б», – зазначае эколаг Зміцер Віньчэўскі.

Паводле адмыслоўцаў, практычна ўсе каштаны ў Беларусі пакутуюць ад гэтых кузурак. Змагацца ж з навалай можна некалькімі спосабамі: вешаць ферамонавыя пасткі на кожнае дрэва, што вельмі дорага, ці звярнуцца да ін’екцыйяў.

«Апырскванне, увод хімічных прэпаратаў у сістэму самога дрэва, то бок сістэму самога дрэва – гэта значна больш эфектыўна і больш танна», – распавядае экаактывіст Ігар Лапеха.

У суседняй Літве падобныя метады барацьбы з мінуючай моллю яшчэ не разглядаліся, а змагаюцца з паразітам больш архаічным спосабам – збіраюць лісце.

«Прыбіральнікі тэрыторыяў збіраюць іх асобна і вязуць на ўтылізацыю. Там выкарыстоўваецца высокая тэмпература, кузуркі ды іхныя лічынкі, якія ў лісці, – гінуць», – дзеліцца меркаваннем кіраўнік віленскага аддзелу гарадской уборкі ды аховы навакольнага асяроддзя Гінтарас Руновічус.

Дзякуючы фінансаванню ў межах праекту Еўразвязу, у Горадні збіраюцца таксама пасадзіць 80 маладых каштанаў, у Друскеніках – 30. Але маладыя дрэвы, заўважаюць адмыслоўцы, проста стануць чарговай «харчэўняй» для каштанавай молі.

«Грант ад гэтага не выратуе, калі мы бярэм гэты грант і робім нейкія рэчы, то ў наступныя гады ў бюджэт павінны ўкладваць падобныя сумы, каб кожны год рабіць дзеянні па знішчэнню гэтай папуляцыі», – рэзюмуе Ігар Лапеха.

Каштаны не ёсць характарным дрэвам для нашага рэгіёну. Яны зʼявіліся ў Беларусі ўсяго каля двух стагоддзяў таму, і ў молі тут няма натуральных ворагаў. Таму сродкі ад гранту толькі на нейкі час уратуюць каштаны ад мінуючай молі. Цалкам ад гэтай кузуркі пазбавіцца немагчыма.

Мікола Дзямідаў belsat.eu