Аб'ектыў 10.09.2018 Еўразвяз аслабіў патрабаванні аб правах чалавека ў Беларусі


Да канца года Беларусь і Еўразвяз падпішуць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства – «дарожную мапу» развіцця стасункаў. Пра гэта ў Тбілісі заявіў Ёганэс Ган, еўракамісар у справах добрасуседства і пашырэння Еўразвязу. Але для добрасуседства паміж Менскам і Бруселем ёсць адчувальныя перашкоды.

«Я думаю, што пагадненне ў тым выглядзе, у якім мы яго чакаем, з’явіцца ўжо сёлета. Для гэтага патрэбны апошні штуршок з беларускага боку» – гаворыць Ёганэс Ган, Еўракамісар у пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства.

Аднак такога штуршку Брусель чакае ўжо год. Прыярытэты партнёрства меліся быць падпісаныя на саміце «Усходняга партнёрства» яшчэ ў лістападзе 2017-га. Менску і Бруселю цяжка знайсці ўзаемапаразуменне нават у перамовах вакол тэхнічнага дакументу. Улад Вялічка, кансорцыюм «Еўрабеларусь»:

«Гэта фактычна джэнтльменскае пагадненне, якое не мае статусу дамовы. Але яно вызначае прыярытэты для абодвух бакоў».

У пагадненнях, заключаных з іншымі постсавецкімі краінамі, фігуруюць такія прыярытэты, як барацьба з карупцыяй і злачыннасцю, развіццё транспартавай сеткі, дапамога ў эканамічных рэформах і рэформы адукацыі. Чыноўнікі з Менску і Бруселю сустракаюцца двойчы на год, каб абмеркаваць шырокі спіс пытанняў: правы чалавека і палітычныя свабоды, гандаль і адукацыю, візавую лібералізацыю і павышэнне энергаэфектыўнасці, атамную бяспеку ды інш. Адбылося ўжо пяць сустрэчаў адмысловай каардынацыйнай групы.

Адною з галоўных праблемных тэмаў у перамовах паміж Менскам і Бруселем застаюцца правы чалавека. Гучала гэтая тэма і тут – на штогадовай канферэнцыі АБСЕ, якая праходзіць у Варшаве. Якія пытанні задаюць заходнія арганізацыі беларускаму ўраду? Спіс пытанняў вельмі даўгі, і ён не скарачаецца, адзначаюць праваабаронцы. Алег Гулак, Беларускі Хельсінкскі камітэт:

«Гэта і выбары, і пытанне пераследу актывістаў, і права на справядлівы суд, і мірныя сходы, і смяротнае пакаранне, і шмат чаго».

Сёлета да праблемных пытанняў дадаўся ціск на незалежныя СМІ. Супраць журналістаў адразу некалькіх выданняў распачалі крымінальную справу па абвінавачанні ў крадзяжы кантэнту навіннага рэсурсу БелТА. Каментуе Андрэй Бастунец, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«На найвышэйшым узроўні ўсе гэтыя інстытуцыі адрэагавалі на «справу БелТА». Я думаю, гэты чыннік адбіваецца на адносінах Беларусі з Захадам».

Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на канферэнцыі АБСЕ пракаментаваць, ці адрэагуе Беларусь на крытыку за ціск на журналістаў, адмовіўся.

Тэма грамадзянскіх правоў уздымаецца на перамовах паміж Менскам і Бруселем увесь час, зазначаюць эксперты. Аднак патрабаванні паважаць правы чалавека Еўразвяз ставіць усё менш цвёрда.

«Проста адбываюцца настолькі дрэнныя падзеі ў рэгіёне, што ў параўнанні з суседнімі краінамі Беларусь падаецца ўжо не настолькі дрэннаю. Атрымліваецца парадокс: можна нічога не паляпшаць, а на фоне іншых паляпшацца. І гэта вельмі сумна» – распавядае Андрэй Юраў, праваабаронца, Расея.

Заблакавалі ж перамовы паміж Еўразвязам і Беларуссю зусім не пытанні правоў чалавека, прызнаюцца адмыслоўцы. Улад Вялічка, Кансорцыюм «Еўрабеларусь»:

«Ёсць дастаткова прынцыповая пазіцыя літоўцаў у пытанні атамнай станцыі. І гэта адное з пытанняў, у якім літоўскі бок супраціўляецца падпісанню пагаднення з Беларуссю».

Прыярытэты партнёрства на 2018-2020 гады сапраўды маюць шанец быць падпісанымі да канца гэтага года, мяркуюць эксперты. Вось толькі траціна тэрміну дзеяння трохгадовага дакументу ўжо мінула. Паралельна Менск і Брусель вядуць перамовы пра падпісанне Дамовы аб супрацы і партнёрстве, а таксама Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Ніякіх сігналаў пра хуткае завяршэнне гэтых перамоваў пакуль няма.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: REUTERS / Yves Herman / FORUM

Глядзі таксама
Каментары