Аб'ектыў 07.11.2017 Еўразвяз аплоціць рэстаўрацыю беларускіх помнікаў


Грушаўка, Ляхавіцкі раён, сядзіба Рэйтанаў. Сёння яна ў аварыйным стане, але ўжо хутка помнік гісторыі і культуры атрымае фінансаванне на рэстаўрацыю.

Еўразвяз цягам двух гадоў выдзеліць € 1,187 млн у межах праграмы транспамежнай супрацы «Польшча – Беларусь – Украіна».

«Значнасць гэтай падзеі немагчыма пераацаніць. Бо як вы ведаеце, яшчэ некалькі гадоў таму Грушаўку збіраліся прадаваць, або перадаваць пад нейкія інвест-праекты, і яе ўласнікам мог стаць любы замежнік. І месца было б страчана як святыня для беларусаў», – тлумачыць Зміцер Юркевіч з арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана.

Сядзібу не прадалі толькі дзякуючы намаганням суполкі

Комплекс доўгі час пуставаў і разбураўся, цяпер жа 21 гектар тэрыторыі ўпарадкуюць, абновяць фасад і дах сядзібы, створаць горад рамеснікаў, правядуць рэстаўрацыю капліцы-пахавальні роду Рэйтанаў.

«Гэта месца павінна стаць выдатнай, найбуйнейшай пляцоўкай для правядзення фестываляў рознага накірунку Ляхавіцкага раёну, а магчыма і ўсёй Берасцейшчыны», – упэўнены спадар Юркевіч.

Хто такі гэты Рэйтан?

Самы вядомы прадстаўнік роду – дэпутат Сойму Рэчы Паспалітай Тадэвуш Рэйтан быў шчырым патрыётам, спрабаваў перадухіліць першы падзел Рэчы Паспалітай. Палякі лічаць яго нацыянальным героем, у Беларусі толькі апошнія гады дзякуючы актывістам распачалася папулярызацыя выбітнай постаці беларускай гісторыі XVIII стагоддзя.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары