Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця не выдзеліць Беларусі $ 200 млн крэдыту без інтэграцыі з Расеяй


Спачатку інтэграцыя, пасля – грошы. Еўразійскі банк развіцця заявіў, што Беларусь не атрымае $ 200 млн – гэта апошні, сёмы транш крэдыту на $ 2 млрд ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, кіраванага Расеяй. Агенцтва БелаПАН са спасылкаю на крыніцу ў фінансавых колах паведаміла, што Масква наўпрост звязвае гэтыя грошы з палітычнымі дамоўленасцямі.

«Цяпер ідзе праца над праграмаю паглыблення інтэграцыі з Расеяй. Толькі пасля яе падпісання расейскі бок гатовы перайсці да абмеркавання іншых пытанняў, якія ў тым ліку датычаць фінансавання Беларусі», – паведаміла крыніца БелаПАН у фінансавых колах.

Пытанне грошай наўпрост звязаў з інтэграцыяй расейскі міністр фінансаў, хоць Антон Сілуанаў і казаў пра іншы крэдыт на $ 600 млн. Намеснік Сілуанава Сяргей Старчак у адмысловым лісце заявіў, што Беларусь мусіць перайсці на падатковы кодэкс Расеі, іначай не будзе кампенсацыі за падатковы манеўр з расейскаю нафтай.

«Падаткі – галоўны інструмент атрымання прыбыткаў беларускаю дзяржавай. І цяпер фактычна Беларусь можа аддаць у рукі іншай дзяржаве рэгуляванне гэтай вельмі важнай сферы. Фактычна ўсё ў падатковай сферы трэба будзе ўзгадняць з Расеяй», – каментуе дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Як мяркуе Андрэй Ягораў, цяпер між Масквой і Менскам праходзіць гандаль аб глыбіні эканамічнай інтэграцыі, прапісанай у гэтак званай «дарожнай мапе». Гэты дакумент кіраўнікі дзвюх краінаў могуць падпісаць у снежні. Па сутнасці, гэта гандаль суверэнітэтам, які належыць грамадзянам Беларусі, мяркуе Ягораў.

А што думаюць пра крэдытны ціск самі грамадзяне?

«Звычайны палітычны шантаж з боку Расеі. Якія ўмовы не будуць выкананыя, яна будзе ціснуць і ціснуць».

«Часам Расея ставіць нам перашкоды, у пастаўках нашых харчоў, малочных і мясных».

«Браць нейкія крэдыты незразумелыя… гэта шлях у адзін канец», – лічаць жыхары Бабруйску.

Эканамічны ціск будзе павялічвацца, папярэджвае Андрэй Ягораў. Да таго ж у Масквы ёсць і іншыя рычагі ўздзеяння, нават без выкарыстання ваеннай сілы, як ва Украіне 5 гадоў таму:

«Могуць быць задзейнічаныя сродкі інфармацыйнай атакі, моцнае выкарыстанне расейскіх медыяў, групы ў сацсетках і г.д. Пад гэта ўжо падрыхтаваная інфраструктура. І, магчыма, у хуткім часе, калі Беларусь не будзе дамоваздольная з пункту гледжання Масквы, мы пабачым і выкарыстанне гэтых сродкаў», – кажа адмысловец.

Улады Беларусі ў інфармацыйным полі адбіваюцца слаба. Міністэрства фінансаў заявіла, што нашая дзяржава выканала ўсе ўмовы для атрымання $ 200 млн ад Еўразійскага фонду.

«Дасюль няма якога-кольвек рашэння Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця аб вылучэнні Беларусі сёмага траншу або аб закрыцці праграмы без вылучэння апошняга траншу крэдыту, стабілізацыйная праграма мае актыўны статус, і мяч на баку ЕФСР», – заявіла Міністэрства фінансаў Беларусі.

Таксама раней міністр фінансаў заяўляў, што Беларусі не патрэбныя «палітычныя» крэдыты з Расеі. Максім Ермаловіч чакае, што з крэдытам на паўмільярда долараў Менску да канца года дапаможа Кітай.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Фота: Alexander Astafyev / POOL / TASS / Forum