Еўрапейскія гульні сталі для Беларусі дыпламатычным «абломам»


21 чэрвеня 2019 года. Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем падчас цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску. Фота – Forum / Reuters

Спроба зрабіць з Еўрапейскіх гульняў маштабную дыпламатычную акцыю беларускім уладам і дыпламатам не ўдалася, кажуць эксперты.

Еўрапейскія гульні, пра якія так шмат казалі дзяржаўныя тэлеканалы, скончыліся. Пра тое, у колькі абышлася арганізацыя спаборніцтваў бюджэту, распавёў міністр фінансаў – прыкладна $ 265 млн. Хаця тры гады таму Аляксандр Лукашэнка абяцаў, што $ 50 млн. на ўсе Еўрапейскія гульні хопіць. Які прыбытак прынесла спартовае свята, пакуль невядома.

«З гледзішча рэалізацыі замежнаэканамічнай палітыкі прыбытак ад Еўрапейскіх гульняў складана ацаніць грашыма. Гэта значна пашырае інвестыцыйную прывабнасць краіны», – адказаў на пытанні дэпутатаў міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

265 мільёнаў долараў – не канчатковая сума, мяркуе аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў. Але чыноўнікі ўзялі такія грошы з бюджэту не толькі для запрашэння турыстаў, таму і лічаць эфект ад Еўрапейскіх гульняў па-свойму.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 чэрвеня

«Беларускія ўлады ацэньваюць з пункту гледжання палітычнага, псіхалагічнага і прапагандысцкага эфекту, які гэтыя Гульні створаць на насельніцтва, як яны будуць выкарыстоўвацца ажно да прэзідэнцкіх выбараў», – мяркуе Цыганкоў.

Для кіраўніка дзяржавы спаборніцтвы далі магчымасць пакрасавацца перад замежнымі і айчыннымі тэлекамерамі, паабдымацца са спартоўцамі, падарыць шакаладку немаўляці і запрасіць кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніц спаборніцтваў.

На жаль, прэзідэнты Украіны і Азербайджана не даехалі, прэзідэнт Сербіі не прыйшоў на цырымонію адкрыцця ў знак пратэсту супраць удзелу Косава, а расейскі лідар спачатку даслаў прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева, даціскаць пытанне інтэграцыі.

Уладзімір Пуцін прыехаў сёння на цырымонію закрыцця, але з Лукашэнкам не сустрэўся, спачатку наведаў спаборніцтвы па боксе, ды пабачыўся з кіраўніком Міжнароднага алімпійскага камітэту Томасам Бахам.

«З гэтага пункту гледжання атрымаўся суцэльны дыпламатычны аблом, і навука на будучыню. Спроба з нічога зрабіць маштабную дыпламатычную акцыю беларускім уладам і дыпламатам не ўдалася», –дадае Віталь Цыганкоў.

Апроч Пуціна, Лукашэнка запрасіў на цырымонію закрыцця прэзідэнтаў Таджыкістану і Арменіі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»