Еўрапейскія гульні: пачатак


15 дысцыплінаў, 4 тысячы спартоўцаў з 50 краінаў. У Менску ўрачыста адкрылі Другія Еўрапейскія гульні. На правядзенне гульняў у Азербайджане выдаткавалі прынамсі 1 мільярд долараў. А што Еўрапейскія гульні прынясуць Беларусі?

Мноства міліцыі, перыядычна абмежаваны рух транспарту. Сёння на сталічным стадыёне «Дынама» адкрываюць Другія Еўрапейскія гульні. Галоўная мультыспартовая падзея ў Еўропе і нават «наша алімпіяда». Такія эпітэты чуваць з дзяржаўных тэлеканалаў.

Калі казаць пра імпрэзу, то, паводле спартовых аглядальнікаў, ідэя сама па сабе цікавая і нагадвае кантынентальныя спаборніцтвы ў Азіі ды Амерыцы.

«У гэтым сэнсе прыпазніліся, можа, на 50–60 гадоў. Чаму быў інтарэс да азіяцкіх гульняў ці панамерыканскіх у свой час? Таму што не было альтэрнатывы практычна. А цяпер у Еўропе багата топ-турніраў», – каментуе Ігар Карней, карэспандэнт Радыё Свабода.

Напярэдадні дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў сцвердзіла, што з 250 тысяч квіткоў удалося прадаць каля 160 тысяч, з іх усяго толькі 20 тысячаў купілі замежнікі. А ці збіраюцца наведаць спаборніцтвы жыхары Менску?

«Калі хаця б за паўцаны, то, можа быць, і пайшла б».

«Ну, праходзяць і праходзяць. Я неяк да гэтага не асабліва».

«Не, можна было б гэтыя грошы патраціць у лепшым напрамку».

«У нас ад гімназіі ў старэйшага дзіцяці былі запрашэнні. Мы пойдзем абавязкова на мастацкую гімнастыку».

«Не, на лецішча паедзем. Там свае будуць Еўрапейскія гульні».

«Цэны, шчыра кажучы, не ведаю. Чуў, што раздаюць». – «Вам прапаноўвалі на прадпрыемстве?» – «Так, заклікалі браць квіточкі».

Недзе толькі заклікалі браць квіткі, а недзе нават і прымушалі, кажа Уладзімір Даўжэнка, вядомы спартовы журналіст, былы вядоўца Тэлеклубу «Асілак»:

«Тыдзень назад у МНС раздаўся ледзьве не з Адміністрацыі прэзідэнта званок, што вы павінныя, улічваючы, што ў вас вялікі заробак, купіць столькі там квіткоў на адкрыццё».

Чакалася, што Еўрапейскія гульні будуць каштаваць бюджэту Беларусі 50 мільёнаў долараў, аднак пазней у дзяржаўных тэндарах з’явілася сума 100 мільёнаў, з чаго 34 мільёны – на закуп перасоўных станцыяў для дзяржаўнага тэлебачання. На думку Уладзіміра Даўжэнкі, агульныя выдаткі могуць скласці нават чвэрць мільярда долараў. Якая ж у такім разе выгада ад гэтай падзеі?

«Для Аляксандра Лукашэнкі гэта спроба выйсці на нейкі міжнародны ўзровень. Але выглядае, што спроба такая не вельмі ўдалая», – мяркуе Ігар Карней.

На адкрыццё гульняў прыехалі толькі 2 прэзідэнты: Малдовы – Ігар Дадон, і Сербіі – Александар Вучыч. Прыехаў таксама і кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў, якому Лукашэнка ўручыў сёння ордэн Дружбы народаў.

«Чаму да нас ніхто не прыехаў? Чаму прыехаў толькі адзін адыёзны Кадыраў – затычка ва ўсе дзіркі? Я разумею, прэзідэнт Грузіі не прыехала, там сітуацыя, Аліеў не прыехаў падзяліцца досведам. Нікому гэта не трэба! Гэта ўсё блаж, блаж для аднаго чалавека!», – кажа спартовы журналіст Уладзімір Даўжэнка.

Другія Еўрапейскія гульні будуць трываць увесь наступны тыдзень. Афіцыйнае закрыццё – у нядзелю 30 чэрвеня. Заяўку на правядзенне ж наступных гульняў падалі горад Кракаў і Малапольскае ваяводства Польшчы.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu