Еўрапейская рэакцыя на падзеі ў Беларусі


«Арышты дзеячаў апазіцыі і праваабаронцаў, брутальныя разгоны мірных дэманстрацыяў ды няспынная хваля рэпрэсіяў – гэта рысы дыктатуры, а не сучаснай прававой дэмакратычнай дзяржавы, якой хоча выглядаць Беларусь», – такія словы ўтрымлівае адкрыты ліст ад польскай партыі «Новочэсна», які сёння атрымаў амбасадар Беларусі ў Варшаве.

Польшча супраць рэпрэсіяў, але за добрыя стасункі

Партыя «Новочэсна» ў польскім парламенце цяпер у апазіцыі але гэтаксама, як і ўрад Польшчы, выступае за пашырэнне стасункаў з Беларуссю. Яна выказала рашучы пратэст супраць пераследу ўладамі беларускіх апазіцыянераў і жорсткага збіцця людзей на вуліцах Менску ды іншых гарадоў падчас мірных пратэстаў.

«Беларусь гэта важны партнёр і мы хочам мець з Беларуссю добрыя сяброўскія адносіны, таму мы не можам быць абыякавыя, калі ў Беларусі жорстка арыштоўваюць людзей, парушаюць правы чалавека і адбываецца гвалт», – тлумачыць Томаш Бладынец з «Новочэснай».

У адкрытым лісце да амбасадара Аляксандра Авярʼянава польскія дэпутаты заклікалі ўлады Беларусі вызваліць людзей, затрыманых падчас Дня Волі 25-га сакавіка ды ў іншыя дні, і спыніць рэпрэсіі. Беларускага дыпламата на месцы не аказалася, але працаўнік амбасады абяцаў перадаць дакумент. Раней Міністэрства замежных справаў Польшчы выказала глыбокую занепакоенасць дзеяннямі ўладаў Беларусі падчас мірных акцыяў пратэсту.

«Мы таксама збіраемся запытаць урад Польшчы на тэму захадаў, якія можна ўжыць для ўплыву на ўлады Беларусі, каб такіх рэпрэсіяў не было ў будучыні. Таксама мы глыбока перакананыя, што патрэбная блізкая супраца ў недзяржаўных і гаспадарчых арганізацыях з беларускімі арганізацыямі, каб мы маглі падтрымаць будаўніцтва грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», – распавёў пра сваё бачанне ўзаемадачыненняў адзін з лідараў «Новочэснай» Павэл Рабей.

Зусім іншы ўзровень – Еўрапейская народная партыя

Абʼяднанне еўрадэпутатаў з 39 краінаў. Тэма Беларусі прагучала сёння ў кулуарах саміту партыі, што праходзіць на Мальце з удзелам кіраўнікоў еўрапейскіх краінаў і інстытутаў кіравання.

Што рабіць з Лукашэнкам далей?

Яшчэ напярэдадні пазіцыю сфармулявалі 72 дэпутаты Еўрапарламенту ў адмысловым звароце да кіраўнікоў Абʼяднанай Еўропы. Яны заклікалі асудзіць рэпрэсіі, якія праводзяць беларускія ўлады, і звяртаюць увагу, што збіццё і арышты адбываюцца роўна праз год пасля рашэння Еўразвязу аднавіць палітычныя стасункі з Менскам.

«Палітыка Еўрапейскага Звязу адносна рэжыму Лукашэнкі мусіць быць перагледжаная вельмі сур’ёзным чынам. Еўразвяз не можа адмовіць у надзеі тым тысячам людзей у Беларусі, якія на нядаўніх мірных дэманстрацыях даказвалі веру ў дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь», – зазначылі ў сваім звароце 72 еўрадэпутаты.

Дэпутаты прапаноўваюць увесці абмежаванні супраць беларускіх чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі, ды павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным медыям і дэмакратычнай апазіцыі. Паводле інфармацыі «Белсату» адмысловае галасаванне ў справе Беларусі адбудзецца ў Еўрапарламенце ў наступны чацвер.

Збіццё, разгон, арышты? А Расейскім уладам спадабалася!

Амбасадар Расеі пазітыўна ацаніў дзеянні беларускіх уладаў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 25-га сакавіка. Паводле Аляксандра Сурыкава, сілавікі Лукашэнкі праявілі прафесіяналізм і не дапусцілі, каб пацярпелі людзі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»