«Еўраопт» і «Алмі» – рабская праца, пагрозы, прыніжэнні


Адразу некалькі працаўнікоў гандлёвых сетак звярнуліся да «Белсату» з аднолькавымі праблемамі. Парушэнне працоўных стасункаў і работа ледзь не па 15 гадзінаў за змену.

У гарадзенскім «Алмі» Аляксандр Лаўрэнцьеў працуе пекарам, траўму атрымаў на працы, але калі ўсе прылады былі ўжо выключаныя. Паколькі асноўнай працы не было, майстар цэху прапанавала Аляксандру памыць печ.

«Я вырашыў мыць печ і папрасіў выдаць мне пальчаткі, на што адказалі – іх няма. Разбавіў «хімію» нешта ў бутэльцы, каб «пырскаць» печ», – узгадвае пекар.

Мужчына атрымаў хімічны апёк першай ступені

Працадаўца мусіў прызнаць памылку і кампенсаваць шкоду, якую атрымаў працаўнік, кажуць у прафсаюзе РЭП. Але ў гэтым выпадку ўсё атрымалася наадварот. Просьбы пайсці насустрач і «па-чалавечы» прывялі да таго, што Лаўрэнцьеў застаўся без фінансавай кампенсацыі, а паводле дакументаў аказаўся яшчэ і сам вінаваты.

«Падманам прымусілі падпісаць новы дзённік па тэхніцы бяспецы. Зараз яго ўгаварылі, так атрымліваецца, што па паперах быў азнаёмлены з тэхнікай бяспецы», – тлумачыць актывіст РЭП Анатоль Мышкевіч.

Падобную гісторыю «Белсату» распавялі на Гомельшчыне

Тры месяцы жыхарка Светлагорску не можа знайсці працы ў родным горадзе. Яна перакананая, што гэта – наступствы канфлікту з папярэднім працадаўцам.

«Калі скончыўся кантракт, я звольнілася, мне сказалі, што да канца сваіх дзён я не знайду працу. Я абышла 5-6 крамаў, на сённяшні дзень уладкавацца на працу мне вельмі цяжка. У мяне пазыкі па кватэры, па крэдыце… Засталося паўвядра бульбы, трохі мукі, слоік кансерваў… а жыць трэба», – скардзіцца Таццяна.

Сферы гандлю жанчына аддала 15 гадоў

Працавала бездакорна, не мела спагнанняў – толькі падзякі і прэміі. Апошняе месца працы – крама «Еўраопт». Праблемы на працы з’явіліся разам з праблемамі са здароўем. Ад дактароў яна атрымала рэкамендацыі перайсці на лёгкую працу. З адпаведнымі дакументамі Таццяна звярнулася да загадчыцы крамы Наталлі Петуховай. Тая адказала, што лёгкай працы няма. Паводле Юдэнкі, тады і пачалося цкаванне.

«Крычалі, прыніжалі матам, пагражалі звольніць паводле артыкулу, зрэзалі заробак і вельмі моцна», – дзеліцца Таццяна.

Пазіцыя кіраўніцтва

У адміністрацыі крамы тлумачаць, што графік абумоўлены спецыфікаю працы, але дадатковыя гадзіны аплачваюцца згодна з заканадаўствам. Што да сварак і пераследу – загадчыца крамы Наталля Петухова катэгарычна адмаўляе «нестатутныя» дачыненні з падначаленымі, як і тое, што працаўнікі нібыта не атрымлівалі сваёй копіі дамовы.

«Белсат» звярнуўся разам з Таццянай у Светлагорскі райвыканкам, да кіраўніка справаў Вячаслава Дзікуна. Чыноўнік паабяцаў спраўдзіць інфармацыю аб парушэннях працоўнага заканадаўства ў «Еўраопце», а жанчыну ўладкаваць на працу.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»