Еўракамісар Хан распавёў «Белсату» пра спрашчэнне візавага рэжыму


Міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу і Усходняй Еўропы сёння падсумавалі 10 гадоў Усходняга партнёрства. Што гэта праграма супрацы дала Беларусі? Хто стаў «найлепшымі вучнямі ў еўрапейскім класе», і чаму сярод іх не аказалася нашай краіны?

Міністры замежных справаў Еўразвязу ды іхныя калегі з 6 усходнееўрапейскіх краінаў сабраліся ў Бруселі. Палітыкі падсумавалі 10 гадоў супрацы ды абмеркавалі, як ідзе дасягненне мэтаў, прызначаных на 2020 год.

Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літвы:

«Тым, хто жадае больш шырокай і глыбокай супрацы, трэба даць такую магчымасць. І гэта не дыскрымінацыя адных краінаў коштам іншых. Проста некаторыя жадаюць ніжэйшага ўзроўню супрацы. Гэта зразумела, і мы павінныя дастасавацца».

Вышэйшага ўзроўню супрацы жадаюць Украіна, Малдова і Грузія. Яны падпісалі з Еўразвязам дамовы аб асацыяцыі. Іх фірмы атрымалі доступ да еўразвязаўскага рынку, а грамадзяне – права падарожнічаць без візаў. Шырокае пагадненне аб супрацы заключыла і Арменія. Беларусь жа не падпісала з Еўразвязам нават дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Ёганэс Ган, еўракамісар у еўрапейскай палітыцы суседства:

«Сутнасная частка перамоваў завершаная. Мы толькі чакаем даты і магчымасці запусціць дамову ў дзеянне».

Еўразвяз дапамагае ўсходнім суседзям рэфармаваць эканоміку, дзяржаўнае кіраванне, развіваць транспартавыя шляхі, а таксама ўзмацняе кантакты між грамадствамі ды падтрымлівае недзяржаўныя арганізацыі. Партнёрства дае нагоду рэгулярна сустракацца чыноўнікам, парламентарыям ды грамадскім актывістам з Захаду і Усходу.

Улад Вялічка, кансорцыум «Еўрабеларусь»:

«Гэта магчымасць беларускім грамадскім арганізацыям узгадняць і кансалідаваць свой парадак дня ў міжнародных стасунках і нават выражаць свае пазіцыі».

За чатыры гады ў межах «Усходняга партнёрства» Беларусь атрымала 110 мільёнаў еўраў. Еўразвяз мадэрнізуе аўтадарогі і чыгункі, фінансуе студэнцкія абмены, навучае мытнікаў і службоўцаў Нацбанку ды не толькі.

Андрэй Ягораў, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі:

«Інвеставанне ў разбудову малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у энергетычныя пытанні, у пытанні стратэгічнага развіцця структур Нацыянальнага банку. Гэта крэдытныя рэсурсы, якія ідуць па лініі Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця».

Развіваць больш маштабныя праекты не дазваляе адсутнасць базавай дамовы аб супрацы. Менск і Брусель ужо два гады не могуць узгадніць нават найпрасцейшага дакументу – Прыярытэтаў партнёрства.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі:

«Працэс гэты не з нашае віны пакуль прыпынены. Спадзяюся, што да канца года мы прасунемся і ў плане падпісання двух пагадненняў: аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму. Працаваць трэба і над тым, каб заключыць асноўнае пагадненне – аб супрацы і партнёрстве».

Зацвердзіць Прыярытэты партнёрства не дае Літва, абураная будаўніцтвам Астравецкай АЭС – тлумачыў нядаўна журналістам палітолаг Дзяніс Мельянцоў. А вось астатнія важныя дакументы, на думку Улада Вялічкі, Менск не падпісвае з іншае прычыны.

Улад Вялічка, кансорцыум «Еўрабеларусь»:

«Яму не трэба больш. І, на жаль, для Бруселю, падобна, гэты парадак дня таксама дастатковы. Больш хоча грамадзянская супольнасць, але яна не можа ўплываць, яна не можа прымусіць ніводзін з бакоў быць больш амбіцыйным».

Пакуль чыноўнікі з Менску і Бруселю не праяўляюць жадання збліжацца, беларусы ўмацоўваюць кантакты з Еўразвязам у прыватным парадку.

Летась нашыя грамадзяне атрымалі амаль 700 тысячаў шэнгенскіх візаў – утрымаўшы сусветнае лідарства паводле візаў у пераліку на колькасць насельніцтва. Калі пагадненне паміж Менскам і Бруселем не будзе падпісанае, запаветны Шэнген для беларусаў ужо сёлета можа падаражэць да 80 еўраў.

Аляксандр Папко, belsat.eu