«Еўрабачанне» – за дзень да фіналу


Тым часам у адным з самых свабодных і гасцінных гарадоў свету – у Тэль-Авіве – рыхтуюцца да фіналу «Еўрабачання». Конкурс спеваў вызначыць пераможцу заўтра ўвечары. Але тэлежурналісты ўжо даведаліся падрабязнасці міжнароднай імпрэзы. Спакойна, усіх сакрэтаў не раскрыем!

Гранд-фіналу «Еўрабачання» – вялікі самалёт на сцэну! У галоўны канцэртны дзень удзельнікі «Еўрабачання» прыбудуць у «Экспа Тэль-Авіў» як у аэрапорт. 26 фіналістаў сёння ўдзельнічалі ў закрытым папярэднім праглядзе выступаў, трэнаваліся ў несцэнічным адзенні, але былі ў вобразе.

У Тэль-Авіў на самалёце сапраўдным прыбыла поп-зорка Мадонна, каб у межах фіналу выканаць новую песню разам з класічнай «Like A Prayer». Мадонна не пабаялася рэзкай крытыкі з боку прапалестынскіх арганізацыяў, што заклікалі да байкоту Ізраілю.

«Я ніколі не кіну ствараць музыку, каб дагадзіць чыімсьці палітычным інтарэсам, і ніколі не перастану выступаць супраць парушэння правоў чалавека дзе-кольвек», – заявіла Мадонна журналістам.

Заўтра першай заспявае прадстаўніца Мальты з песняй «Хамелеон», апошнім – іспанец Мікі. Юная беларуска Зена – Зінаіда Купрыяновіч – будзе 19-я. Песня завецца «Like it».

Па тэлевізары за конкурсам будуць назіраць дзясяткі мільёнаў гледачоў ва ўсім свеце. І дзясяткі тысячаў непасрэдна ў Тэль-Авіве, у вёсцы «Еўрабачання», найвялікшай у гісторыі конкурсу.

«Я быў тут раней, гэта цудоўны горад, ён ідэальны для конкурсу «Еўрабачання» насамрэч. Вельмі адкрыты ўсяму новаму, вельмі добрая атмасфера».

«Мы з сябрамі ездзім на кожнае «Еўрабачанне», і тут, як на мяне, усё арганізавана найлепей з таго, што я бачыў», – дзеляцца гледачы з Еўропы.

Пераможца, які атрымае шкляны мікрафон, прывязе на радзіму не толькі прыз, але і сам конкурс у наступным годзе.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu