Этап кубка свету па фрыстайле ў аўтарытарнай дзяржаве


Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе ўсцяж вызначаецца з краінаю, якая замест Беларусі на пару з Латвіяй прыме 84-ты чэмпіянат свету з 21-га траўня да шостага чэрвеня гэтага года. Перамогшы ў гэтым пытанні, Фонд спартовай салідарнасці Беларусі працягнуў барацьбу супраць рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі патрабаваннем перанесці ад нас і этап Кубка свету па фрыстайле.

Ён у лыжных акрабатаў паводле першапачатковага календара павінен быў прайсці ў «Раўбічах» 13-га лютага. Але Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту пастанавіла ссунуць яго на два тыдні раней. Гэта звузіла магчымасць пераносу спаборніцтваў у іншую краіну. Пра гэта «Белсату» распавёў адказны за моладзевую палітыку і спорт у Народным антыкрызісным упраўленні Вадзім Крывашэеў, які, усё лічыць, што чальцы зборнай Беларусі сваімі патрыятычнымі паводзінамі заслужылі магчымасць выступіць перад суайчыннікамі.

«У адносінах да Кубку свету па фрыстайле, этапаў Кубка Еўропы (5-7 лютага) па гэтым відзе спорту ў лыжных акрабатаў – гэтая праца вялася Фондам яшчэ ў снежні-месяцы. У прынцыпе, мы і зараз знаходзімся ў сталым кантакце з прадстаўнікамі Міжнароднай федэрацыі. Але менавіта ссоўванне этапу на больш раннія тэрміны не дазволіла нам падабраць альтэрнатыўную пляцоўку. І асабіста для мяне, з улікам тых падзеяў, якія прайшлі ў адносінах Мікалая Іванавіча Казекі і яго нядопуску да працы з камандаю, было б прыемна, што галоўны трэнер непасрэдна ў «Раўбічах» упершыню ў сезоне быць з камандаю. Але сёння я з ім размаўляў, і ўзніклі іншыя абставіны: ён раніцою быў шпіталізаваны з кавідам на стацыянарнае лячэнне».

У адрозненне ад мінулага кубкавага сезону, які Беларусь распачала са срэбра Аляксандры Раманоўскай і пятага месца Алы Цупер, у цяперашнім Кубку свету нашыя спартоўцы – і дзяўчаты, і хлопцы – стартавалі без п’едэсталаў. Ці магло на гэта паўплываць адхіленне ад працы з камандаю перад сезонам галоўнага трэнера Мікалая Казекі і лідаркі каманды Аляксандры Раманоўскай пасля таго, як яны падпісаліся пад адкрытым лістом з патрабаваннем да ўладаў спыніць у краіне ґвалт з боку сілавікоў, запыталіся мы ў аглядальніка выдання «Прессбол» Рыгора Трафімянкова.

«У прынцыпе вынікаў я б моцна не звязваў адное з іншым. У падпарадкаванні Мікалая Казекі дастаткова пісьменны трэнерскі корпус, cа зборнай зараз ездзіць Аляксандр Пенігін, які працуе ў якасці асістэнта на працягу амаль паўтара дзесяцігоддзяў. Ёсць свае прычыны чаму не ўдаюцца выступы Алімпійскай чэмпіёнцы Ганне Гуськовай (яна з цяжкасцю вяртаецца пасля траўмы), а ў мужчынскай зборнай змена пакаленняў, там дастаткова маладыя хлопцы і таму ім з некаторымі складанасцямі даецца засвойванне новых больш скамбінаваных скачкоў. Тым больш, наколькі я ведаю, Казека знаходзіцца на пастаяннай сувязі з камандаю, якая яго ўсяляк падтрымлівае. Галоўны трэнер не аддаліўся ад калектыву, кансультуе яго і чакае таго моманту, калі зноў вернецца да сваёй працы»

Першы хатні этап Кубка свету Беларусь прыняла ў 2011 годзе, а затым у наступным, 12-м. Затым быў перапынак да 2015-га і пасля, за выключэннем 2018-га году, Беларусь ужо не губляла права на правядзенне гэтых спаборніцтваў да сёлетняга сезону. У пазамінулым сезоне да нас прыехалі 70 спартоўцаў з 12-ці краінаў свету, летась было ўжо 120 атлетаў, але толькі з дзевяці дзяржаваў. Сёлетні варыянт чакаецца больш сціснутым. Пяты этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы мае прайсці ў «Раўбічах» у найбліжэйшую суботу, 30-га студзеня. Летась тут ніхто з беларусаў у галоўны фінал прабіцца не здолеў.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»