Ерэван заблакаваны. Пратэсты працягваюцца


Блакавалі і метро, і супермаркеты. Вулічныя пратэсты ў Арменіі выбухнулі з новаю сілаю пасля таго, як галоўнага апазіцыянера Нікола Пашыньяна не абралі на пост прэм’ер-міністра краіны. Чаго хочуць дамагчыся пратэстоўцы ў Арменіі?

Перакрытыя з самай раніцы галоўныя праспекты і трасы, заблакаваныя чыгунка, адміністрацыйныя будынкі і дарога ў аэрапорт. Да паралізацыі Ерэвану і некалькіх іншых гарадоў Арменіі прывялі ўчорашнія заклікі галоўнага апазіцыянера краіны.

Напярэдадні ў парламенце Ніколу Пашыньяну не хапіла сямі галасоў да атрымання пасады прэмʼер-міністра – яго не падтрымала кіроўная Рэспубліканская партыя. Сёння тысячы армянаў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць незадаволенасць вынікамі галасавання.

Паўторнае галасаванне ў парламенце адбудзецца менш як праз тыдзень. Паводле Пашыньяна, важна, каб у краіне захоўваліся пратэставыя настроі. Галоўная ж мэта апазіцыйнага лідара – узначаліць часовы ўрад і правесці, цытата, «свабодныя і дэмакратычныя датэрміновыя выбары».

«Больш за 90 адсоткаў насельніцтва Арменіі падтрымліваюць нас. Часы кіроўнай Рэспубліканскай партыі мінулі. Яны не дачакаюцца, што людзі стомяцца і сыдуць з вуліцаў», – кажа лідар пратэстаў Нікол Пашыньян.

Блакуюць вуліцы і дарогі

Калі ж Пашыньян ізноў не стане прэмʼерам, урад правядзе датэрміновыя парламенцкія выбары. Але і ў гэтым выпадку ягоныя паплечнікі абяцаюць працягнуць пратэсты. Што ж да пратэстаў – яны маюць мірны характар, актывісты апазіцыі блакуюць вуліцы і дарогі, пры гэтым прапускаюць аўтамабілі экстраных службаў.

Палітолагі высока ацэньваюць шанцы людзей на перамогу, але кажуць пра неадназначнасць сітуацыі, якая складваецца.

«Кіроўная партыя фактычна не мае шанцаў далей кіраваць краінаю ці заставацца кіроўнаю. Пытанне ў тым, як здзейсніць гэты пераход. Вядома ж, яны не хочуць, каб гэта адбылося добраахвотна», – мяркуе Рубэн Мэграбʼян з Армянскага Інстытуту міжнародных стасункаў і бяспекі.

Пакуль выканальнік абавязкаў прэмʼер-міністра Арменіі Карэн Карапэт’ян заклікае ўсе палітычныя сілы сесці за стол перамоваў, апазіцыя працягвае патрабаваць адстаўкі ўраду і поўнага сыходу кіроўнай Рэспубліканскай партыі. Ранейшыя пратэсты Нікола Пашыньяна ўжо прывялі да таго, што Сэрж Саргсьян быў вымушаны пакінуць пасаду прэмʼер-міністра. Лідар пратэстаў называў яго сімвалам карупцыі. Да гэтага Саргсьян дзесяць гадоў кіраваў краінай у якасці прэзідэнта.

Сцяпан Святлоў, «Белсат». Фота REUTERS / Gleb Garanich / FORUM